Рубрыка Матчбол

27 октября 2014

У еўракубкавых футбольных турнірах прайшла ўжо палова турнірнага шляху. Як вядома, Беларусь прадстаўляюць два клубы з Міншчыны: барысаўскі БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў і мінскае Дынама - у Лізе Еўропы. У рубрыцы Матчбол аддаем сёння больш увагі футболу, але ж мінулы тыдзень прынёс нам не самыя выдатныя навіны.


Расказвае Андрэй Казлоў.


Клуб з Міншчыны пасля перамогі над іспанскім Атлетыка, здавалася, выправіў крылы, а настаўнік жоўта-блакітных Аляксандр Ермаковіч цяпер скажа сваё гучнае трэнерскае слова. Але ж не. Матч супраць данецкага Шахцёра расставіў усе кропкі над і. Дзе яны, а дзе мы.


Забіваць у вароты барысаўчан украінскі клуб пачаў адразу. І да перапынку гульцы Шахцёра шэсць разоў адпраўлялі футбалістаў БАТЭ да цэнтра поля.


У другім тайме гарнякі забілі аднойчы, але ж хіба лягчэй ад гэтага. 7:0 - моцны удар па футбалістах, трэнерах і балельшчыках барысаўскай каманды.


Вядома, такі вынік дае падставы разважаць аб тым, якое месца займае беларускі футбол у Еўропе. Але пакінем час на гэта пасля завяршэння групавога раўнда, таму, што, нягледзячы на такі цяжкі вынік, БАТЭ яшчэ не страціла шансы не толькі на плэй-оф Лігі Еўропы, але нават і Лігі чэмпіёнаў.


Праз два дні мінскае Дынама ў матчы Лігі Еўропы прымала на полі Барысаў-Арэны французскі Генгам. Ці гэта не сапернік, на якім можна адыграцца за паражэнне БАТЭ ад Шахцёра? Адказаць, так скажам, за землякоў? Але ж у Дынама ёсць і свае мэты.


Сваёй мэты футбалісты Дынама, безумоўна, дасягнулі. Балы набраныя, гульнёй парадавалі. Але ж пасля матча засталося астаткавае пачуццё. Мабыць, і да перамогі было не так далёка.


Матч супраць французаў беларускія футбалісты завяршылі безгалявой нічыёй. У сваім квартэце Дынама пакуль што займае апошняе месца, але турнірная перспектыва стане добра вядомая пасля матча ў адказ супраць французскага клуба, які пройдзе ў пачатку лістапада.


Чатыры матчы на выездзе, з якіх тры - перамогі. Для хакеістаў мінскага Дынама гасцявая серыя стала неверагоднай. Як і ў цэлым, пакуль што сезон атрымліваецца. На выездзе зубры спачатку саступілі ў авертайме Нафтахіміку, але потым абыгралі па чарзе Ладу, Трактар і Югру. У Заходняй канферэнцыі мінскае Дынама займае на сёння высокае шостае месца. І даволі цвёрда гэтае месца трымае.


Сёння Дынама вяртаецца на хатнюю пляцоўку. І распачнуць серыю мінчане матчам супраць Амура. Зубры сваёй гульнёй заслужылі аншлаг. Таму чакаем усіх сёння на Мінск-Арэне.