Рубрыка "Матчбол"

25 января 2016

На працягу некалькіх тыдняў мы сочым за чэмпіянатам Еўропы па гандболе. На кантынентальным першынстве зараз праходзіць асноўны раўнд. Другі матч у ім беларусы праводзяць сёння. Пачатак у 22:30. У рубрыцы "Матчбол" узгадаем самыя цікавыя падзеі на турніры з удзелам зборнай Беларусі і раскажам, як футбольныя клубы пачынаюць падрыхтоўку да сезона.

Расказвае Андрэй Казлоў. На працягу студзеня з цікавасцю сочым за мужчынскай зборнай Беларусі па гандболе. Нашы хлопцы ўжо гуляюць у асноўным раўндзе чэмпіянату Еўропы, дзе першым сапернікам сталі дзеючыя чэмпіёны свету і кантынента французы.

На першым групавым этапе беларусам у групе супрацьстаялі гандбалісты Харватыі, Ісландыі і Нарвегіі. Гульцы Юрыя Шаўцова пачалІ турнір матчам супраць балканцаў. Да перапынку лік быў аднолькавым, але потым харваты паказалі сваю моц.

У ключавым матчы турніру супраць Ісландыі зборная Беларусі паказала выдатную гульню і разам з сапернікам правяла самы выніковы матч на чэмпіянатах Еўропы. Прыемна, што лік пасля заканчэння сустрэчы быў на нашу карысць.

Пасля мы саступілі нарвежцам, але ў асноўны раўнд прайшлі. Вядомы гандбольны журналіст Сяргей Новікаў лічыць, што ў нашай камандзе зараз існуе якасны сплаў вопыту і маладосці. І што важна, з такімі талентамі, як Вячаслаў Салдаценка, Андрэй Юрынок і Аляксей Хадкевіч мы маем шанцы змагацца за ўдзел на Алімпіядзе, але ў 2020 годзе.

Ужо сёння зборная Беларусі будзе гуляць супраць гаспадароў турніру – палякаў. Матч будзе цяжкім, але цікавым.

Футбольныя клубы Беларусі пачалі актыўную падрыхтоўку да сезона. Шматгадовы чэмпіён краіны – барысаўскі БАТЭ – у гэту зімнюю паўзу трэніруецца ў Жодзіне. Цікава, што клуб праяўляе цікавасць для былога гульца зборнай Украіны і ўраджэнца Беларусі Арцёма Мілеўскага.

Гульцы "Мінска" таксама пачынаюць працоўныя будні, яны трэніруюцца на хатняй арэне. У гэтае міжсезонне галоўным трэнерам каманды стаў Георгій Кандрацьеў, які некалькі гадоў таму кіраваў нацыянальнай зборнай Беларусі.

Адзначаем, што на гэтым тыдні мінскае "Дынама" вяртаецца на "Мінск-Арэну". У сераду гуляем супраць дзеючага ўладальніка Кубка Гагарына – Санкт-Пецярбургскага СКА. Падтрымлівайце толькі сваіх.