Рубрыка "Матчбол"

11 ноября 2019
"Іслач" з Мінскага раёна не дазваляе брэсцкаму "Дынама" датэрмінова выйграць чэмпіянат краіны па футболе. А нацыянальная зборная Беларусі па хакеі пасля вяртання Міхаіла Захарава на пасаду галоўнага трэнера становіцца трыумфатарам. Больш падрабязна - Станіслаў Ліпскі.

Хакей у авангардзе падзей: адразу чатыры зборныя краіны на мінулым тыдні выступалі на міжнародных спаборніцтвах – нацыянальная і маладзёжная сталі лепшымі на гэтых турнірах.

Каманда Міхаіла Захарава перамагла Францыю, саступіла Славеніі і ўтрымала вікторыю ў гульні з Латвіяй на "Кубку чатырох нацый" у Ліепаі! У паядынку супраць гаспадароў мы перамаглі 3:2. Хет-трык аформіў Міхаіл Стэфановіч. Такім чынам, у першым турніры пасля вяртання Міхаіла Захарава на пасаду галоўнага трэнера беларусы сталі лепшымі!

А гэта ўжо Бабруйск, дзе маладзёжная зборная краіны паслядоўна абыграла Латвію, Аўстрыю і Данію. Як вынік - тры беларусы сталі лепшымі гульцамі спаборніцтваў. Лепшы галкіпер - Расціслаў Зінавенка, лепшы абаронца - Павел Дзянісаў. Лепшы бамбардзір турніру - Даніла Клімовіч, які набраў 5 ачкоў у 3 матчах. 

Нагадаем, менавіта гэта зборная ў снежні выступіць на хатнім чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне. Турнір стартуе 8 снежня ў Мінску.

Зборнай Беларусі U-17 не ўдалося гэтак жа добра выступіць на Кубку Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. У апошняй гульні спаборніцтваў на "Чыжоўка-Арэне" каманда Дзмітрыя Шульгі прайграла 0:6 нашым усходнім суседзям. Менавіта Расія стала трыумфатарам турніру. Беларусы - на трэцім месцы. Другія - славакі.

Чэмпіёнская інтрыга ўсё ж застаецца ў першынстве краіны па футболе: брэсцкае "Дынама" не здолела перайграць "Іслач", а "Віцебск" саступіў БАТЭ.

Арцём Мілеўскі на 23-й хвіліне адкрыў лік, але неўзабаве Аляксандр Макась раўнавагу аднавіў. Нічыя, вынік сустрэчы - 1:1. 

Лепшая каманда апошняга дзесяцігоддзя не спяшаецца складаць свае паўнамоцтвы. Барысаўчане перамаглі ў Віцебску мясцовы клуб 2:1. Перадапошні тур пройдзе 24 лістапада. Наперадзе паўза на матчы нацыянальных каманд. 

На гэтым тыдні сочым за сталічным "Дынама" - каманду чакае хатняя серыя, у суботу зборная Беларусі па футболе згуляе супраць Германіі ў кваліфікацыі да чэмпіянату Еўропы. У нядзелю гандбалісты СКА сустрэнуцца з "Райн-Лёвенам" у Кубку ЕГФ. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі! Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.