Рубрыка Матчбол

22 сентября 2014
Барысаўскі БАТЭ і сталічнае Дынама няўдала стартавалі ў новым сезоне еўракубкаў: абедзве каманды прайгралі ў выязных паядынках. Дарэчы, два клубы ўжо праз 10 хвілін пачнуць паядынак паміж сабой у рамках нацыянальнага чэмпіянату. А вось хакейнае Дынама на мінулым тыдні, наадварот, у хатняй серыі парадавала як ніколі... Вікторыя Азаранка датэрмінова завяршыла тэнісны сезон, а Мінск не прыме чэмпіянат Еўропы па футболе 2020 года. Чаму? Адказы на пытанні у рубрыцы Матчбол.

Расказвае Станіслаў Ліпскі.


Хакеісты сталічнага Дынама ў новым сезоне не перастаюць здзіўляць, а паралельна радаваць сваіх прыхільнікаў. Першую хатнюю серыю зубры правялі амаль бліскуча: тры перамогі з чатырох магчымых. Вось калі б толькі не паядынак супраць чарапавецкай Паўначсталі.

Пры ліку 3:1 на пачатку трэцяга перыяду наўрад ці хто нават мог падумаць, што бела-блакітныя не здолеюць давесці паядынак да трэцяй запар вікторыі. Акрамя, зразумела, гасцей Мінск-Арэны.


Сталяроў - 3:2 робіць перавагу беларусаў мінімальнай. Урбам параўноўвае лічбы на табло, а ў серыі пасляматчавых булітаў Квапіл і ўвогуле прыносіць перамогу Паўначсталі.


У наступным паядынку адпаведныя вывады зробленыя: зубры атрымалі ўсяго 4 выдаленні, пры гэтым ні разу не прапусцілі - 3:0 сталіца святкуе перамогу над Тарпеда.

Матчбол з удзелам Вікторыі Азаранкі ў гэтым сезоне мы, на жаль, больш не убачым. Беларуска напярэдадні заявіла аб завяршэнні свайго выступлення на тэнісных кортах сёлета з-за траўмы. Пажадаем ёй хутчэйшага выздараўлення. Таксама, як і не ўбачым у 2020-м у Мінску чэмпіянат Еўропы па футболе.

У 2020-м споўніцца 60 гадоў з правядзення першага падобнага турніру. У сувязі з гэтай святочнай нагодай кіраўніцтва УЕФА аб'явіла, што чэмпіянат Еўропы адбудзецца ў 13 гарадах Старога Свету. Заяўкі на ўдзел у арганізацыі спартыўнага свята адправілі 19 краін.

Сярод іх і Беларусь. Аднак нам, на жаль, не хапіла некалькіх галасоў: 16 месца. Галоўная прычына адмовы: не адсутнасць арэны, а адсутнасць вопыту правядзення менавіта футбольных спаборніцтваў і пытанні, якія тычыліся функцыянальнасці адноўленага спарткомплексу Дынама і нацыянальнага стадыёна, які будзе ўзводзіцца ў межах сталічных Партызанскага праспекта - вуліц Ванеева і Даўгабродскай. Аднак ужо пасля цырымоніі мы атрымалі своеасаблівую кампенсацыю: усё тое ж кіраўніцтва УЕФА прапанавала Мінску адправіць заяўку на правядзенне ў сталіцы фінала Лігі Еўропы ці Суперкубка. Зразумела, пасля завяршэння будаўніцтва стадыёна.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за сталічным хакейным Дынама, ужо заўтра бела-блакітныя гуляюць супраць Тарпеда, у суботу падтрымліваем жаночую зборную Беларусі па баскетболе - каманда стартуе на чэмпіянаце свету, а таксама БАТЭ ў паядынку супраць Нафтана ў пятніцу. Усе гэтыя падзеі вашай увазе, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і яшчэ ўбачымся!