Рубрыка Матчбол

20 октября 2014
Галкіпер сталічнага хакейнага Дынама Дзмітрый Мільчакоў у найбліжэйшы месяц не згуляе за мінчан у матчах Кантынентальнай хакейнай лігі. Хакеіст атрымаў пашкоджанне ў апошнім матчы зуброў супраць Нафтахіміка. У экстранным парадку ў каманду запрасілі Яна Шаляпнёва з Дынама-Маладзечна.

Больш падрабязна Станіслаў Ліпскі.

Хакейнае мінскае Дынама ў гэтым сезоне проста павінна трапіць у плэй-оф КХЛ. Па-першае, у параўнанні з мінулым годам зубры дэманструюць вельмі прывабную гульню. Па-другое, зараз у турнірнай табліцы мінчане знаходзяцца на шостым месцы. Па-трэцяе, мадэль каманды, якую прапануе кіраўніцтва бела-блакітных, усё ж трэба прызнаць паспяховай.


Формула шэсць плюс адзін, якой прытрымліваецца Дынама, была ўведзена, каб сталічны клуб у сваім складзе меў адначасова ў заяўцы на матч толькі шэсць замежных хакеістаў. Стаўка на беларусаў - прыярытэт. Аднак без легіянераў, якія і робяць на дадзены момант вынік, так высока дынамаўцам знаходзіцца ў турнірнай табліцы не давялося б. Вось і ў апошняй сустрэчы ў Ніжнякамску зноў вызначаліся легіянеры. Адсюль вынік: замежныя хакеісты вельмі высокага класа.


4:5 у авертайме. Бела-блакітныя, на жаль, саступілі Нафтахіміку. Аднак прыхільнікаў Дынама пасля гэтай сустрэчы больш расчараваў не вынік паядынку, а траўма асноўнага галкіпера мінчан Дзмітрыя Мільчакова. На аднаўленне яму спатрэбіцца каля месяца. У экстранным парадку на сённяшні матч супраць Лады ў Тальяці прыбыў Ян Шаляпнёў з Дынама-Маладзечна.


А зараз звернем увагу на нацыянальны чэмпіянат па футболе. Барысаўскі БАТЭ ўпершыню ў сезоне абыгрывае салігорскі Шахцёр: хет-трык аформіў Аляксандр Карніцкі - футбаліст, які яшчэ два сезоны таму выступаў ў мінорных лігах чэмпіянату. Аднак на дасягнутым нападаючы спыняцца не збіраецца.


Галоўны герой цэнтральнага матча 27-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе Шахцёр - БАТЭ не лічыць, што знаходзіцца на піку сваёй кар'еры. Лепшыя часы наперадзе, мяркуе ураджэнец Стоўбцаў. БАТЭ абыграў Шахцёр з лікам 4:1 і ўмацаваў лідарства, адарваўшыся ад Дынама на 6 ачкоў. Салігорцы стварылі не меншую колькасць галявых момантаў, але сталі ахвярай вельмі дрэннай рэалізацыі.


Аднак другі прэтэндэнт на залатыя медалі - Дынама - у суботу скараціў адставанне ад БАТЭ зноў да 3 балаў, у Гомелі восьмы раз запар абгуляўшы мясцовы аднайменны клуб. На гэты раз 2:0. Зразумела, на настрой футбалістаў з Барысава перамагаць вікторыя бела-блакітных ніяк не паўплывала. А тытул чэмпіёна дзве каманды хутчэй за ўсё разыграюць 31 кастрычніка ў Мінску: менавіта ў гэты дзень яны гуляюць паміж сабой.


На гэтым тыдні зноў уся увага футболу. БАТЭ заўтра на Барысаў-Арэне ў рамках трэцяга тура групавога раунда Лігі чэмпіёнаў згуляе супраць данецкага Шахцёра. А ў чацвер у Лізе Еўропы падтрымліваем сталічнае Дынама ўсё на тым жа стадыёне: мінчане прымаюць французскі Генгам.