Сталічнае футбольнае "Дынама" перамагае ў 6-м туры чэмпіянату краіны, "бела-блакітныя" 3:1 мацнейшыя за гараджан з футбольнага клуба "Мінск". А вось жодзінскае "Тарпеда" зноў страчвае ачкі - на гэты раз нічыя з "Гомелем" 1:1. Рубрыка "Матчбол" працягне спартыўную тэму.
Футбол, безумоўна, ў авангардзе спартыўных падзей: салігорскі "Шахцёр" працягвае перамагаць у чэмпіянаце Беларусі, ёсць вікторыя і ў паўфінале Кубка краіны.
На мінулым тыдні каманда Грыгарчука прымала "Іслач" і перамагла 1:0, дзякуючы аўтаголу гасцей. Матч у адказ пройдзе 5-га мая. А ў 6-м туры першынства краіны "гарнякі" не пакінулі шанцаў "Руху" з Брэста - 4:1. Вызначым хет-трык Дарба.
З такім жа лікам БАТЭ перамог "Іслач" у 6-м туры. "Жоўта-блакітныя" ўступаюць "Шахцёру" 4 балы і на гэты момант займаюць 2-е месца ў турнірнай табліцы.
Вызначым і першую перамогу ў сезоне Смаргоні 2:0 - каманда перайграла рэчыцкі "Спадарожнік".
Арына Сабаленка выдатна выступіла на тэнісным турніры ў Штутгарце: мінчанка выйшла ў фінал спаборніцтваў, дзе сустракалася з першай ракеткай свету.
Перад гульнёй было зразумела - матч атрымаецца напружаным, 3:3 - лік асабістых сустрэч паміж Арынай і Эшлі Барці з Аўстраліі. Так і адбылося. Сабаленка перамагла ў пешым сэце 6:3, аднак у наступным без варыянтаў уступіла 0:6. Беларусцы нават спатрэбіўся медыцынскі таймаўт. На жаль, паўза не дапамагла Арыне, мінчанка прайграла ў трэцім сэце - 3:6.
У адноўленым сёння рэйтынгу WTA Сабаленка засталася на 7-м радку, Барці - першая. Што тычыцца астатніх беларусак, то Вікторыя Азаранка на гэты момант 15-я ракетка свету, Аляксандра Сасновіч на 93-м месцы.
7 медалёў - вынік выступлення зборнай Беларусі на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе. Залатая ўзнагарода ў актыве Ірыны Курачкінай - нашай галоўнай надзеі на Алімпіядзе ў Токіа. Два сярэбраныя медалі заваявалі Кірыл Маскевіч і Радзік Куліеў, бронза - у актыве Мікалая Стадуба, Веранікі Івановай, Алі Шабанава і Хаджы Раджабава.
Наперадзе беларускіх барцоў чакае апошні адборачны турнір на Алімпіяду, ён пройдзе ў мае ў Сафіі.













