Рубрыка “Матчбол"

18 января 2021
Беларуская фрыстайлістка Ала Цупер заваявала сярэбраны медаль на этапе Кубка свету ў расійскім Яраслаўлі, а жаночая зборная Беларусі па біятлоне выдатна выступіла ў эстафеце на этапе Кубка свету ў нямецкім Аберхофе. Зімовыя віды спорту радуюць балельшчыкаў сваімі вынікамі. Але ў рубрыцы "Матчбол" звернем увагу і на чэмпіянат свету па гандболе.

Калядны забег даў старт бегавому сезону ў Беларусі 

Сёння спартыўны агляд у рамках рубыкі “Матчбол” пачнём з непрафесійнага спорту – у Мінску пачаўся бегавы сезон пры вельмі марозным надвор’і. Аднак аматараў здаровага ладу жыцця мінус на тэрмометры не спалохаў. 
Больш за 150 чалавек і 2 трэйлавыя дыстанцыі на выбар - 5 і 20 кіламетраў. У Мінску аматары здаровага ладу жыцця прынялі ўдзел у першым забегу 2021 года, пераадолеўшы абраны маршрут пры 20 градусах па Цэльсіі. Традыцыйны Калядны забег, арганізаваны Беларускай федэрацыяй лёгкай атлетыкі, адбыўся напярэдадні ў цэнтры беларускай сталіцы. Асаблівасцю такога забегу сталі, вядома, няпростыя кліматычныя ўмовы, да якіх неабходна было рыхтавацца загадзя. Некаторыя ўдзельнікі і зусім здзейснілі лакальны подзвіг, выйшаўшы на дыстанцыю з голым торсам.
Такім чынам, Калядны забег даў старт бегавому сезону ў Беларусі. У канцы лютага запланавана экстрэмальная гонка на стадыёне “Дынама”. А ў сакавіку адбудзецца традыцыйны Beauty Run.

Мужчынская зборная Беларусі па гандболе тым часам забяспечыла сабе месца ў асноўным раўндзе чэмпіянату свету

Наша каманда ў другім туры першага этапу атрымала перамогу над Паўднёвай Карэяй - 32:24 - і такім чынам гарантавала сабе як мінімум 3-е месца ў квартэце H. Таксама, нагадаю, спартыўны канал Белтэлерадыёкампаніі рыхтуе штодзённыя агляды планетарнага форуму, так што сачыце за падрабязнасцямі на "Беларусь 5". Ужо сёння  матч супраць Славеніі. Тэлеканал "Беларусь 52 пакажа яго ў 19:50.

Жаночая зборная Беларусі па біятлоне заняла 2-е месца ў эстафеце на 6-м этапе Кубка свету 

Вышэй за нашу каманду толькі немкі. Прычым менавіта беларускі прадэманстравалі самы хуткі ход па лыжні. Першай на дыстанцыю выйшла алімпійская чэмпіёнка Ірына Крыўко. У суме ёй спатрэбіліся два дадатковыя патроны, каб закрыць усе мішэні на двух агнявых рубяжах,  і перадаць эстафету яшчэ аднаму трыумфатару Пхёнчхана  - Дзінары Алімбекавай, шостай. Яна таксама абышлася без штрафных кругоў і на фінішы свайго этапу была 3-й. Уражліва правяла сваю частку гонкі Ганна Сола. За кошт хуткіх стральбы і ходу па лыжні яна вывела зборную Беларусі ў лідары. Завяршала гонку Алена Кручынкіна. Да апошняга агнявога рубяжа Алена сапернічала за першую пазіцыю з Францыскай Пройс, але на стойцы давялося зрабіць два дадатковыя выстралы. Трэцімі фінішавалі шведкі. Адзначым,  трэці раз беларусы падняліся на п'едэстал у гэтым сезоне Кубка свету. Двойчы на подыум у аўстрыйскім Хахфільцэне падымалася Дзінара Алімбекава, а зараз яна робіць гэта ў складзе ўсёй каманды.
Добрая форма беларускіх біятланістак не можа не радаваць прыхільнікаў біятлону перад чэмпіянатам свету. Буйны старт прыме Славенія ў сярэдзіне лютага. Да гэтага яшчэ пройдзе 7-ы этап Кубка свету ў італьянскім Антхольцы.