Рубрыка "Матчбол"

17 февраля 2020
Дзеючы лідар сезона КХЛ - маскоўскі ЦСКА -  амаль праз гадзіну згуляе на пляцоўцы "Мінск-Арэны". "Армейцы" ў рэгулярным чэмпіянаце сустрэнуцца са сталічным "Дынама". Магчымасць паспець на гульню ёсць, білеты яшчэ ў продажы. А цяпер пра спартыўныя падзеі, якія ўжо адбыліся,  -  рубрыка "Матчбол".

Выдатна выступілі беларусы на этапе Кубка свету па фрыстайле ў Маскве. Ганна Гуськова стала лепшай сярод жанчын, а вось зборная Беларусі па біятлоне пакуль без медалёў у Італіі.

Этап Кубка свету сярод лыжных акрабатаў, які традыцыйна прайшоў на Вараб'ёвых гарах, прынёс нашай зборнай адразу два медалі. Увесь мінулы год алімпійская чэмпіёнка Пхёнчхана Ганна Гуськова прапускала - яна аднаўлялася пасля траўмаў. І зараз з упэўненасцю можна казаць - яна цалкам аднавілася. Гэтым разам і ў кваліфікацыі, і ў першым фінале Ганна нязменна набірала трэцюю суму балаў. Аднак у вырашальным скачку Гуськова выканала трайное сальта  і ў бліскучым стыле перамагла.

Услед за жаночымі скачкамі пачаўся і суперфінал у мужчын. Уся ўвага беларускіх балельшчыкаў тут была прыкавана да выступлення нашага Паўла Дзіка. У вырашальнай спробе Павел зрабіў стаўку не на складанасць, а на чысціню выканання і не памыліўся. Суддзі паставілі беларусу крыху больш за 112 балаў, што дазволіла Дзіку ўпершыню ў кар'еры ўзняцца на трэцюю прыступку п'едэстала этапу Кубка свету. 

Чакаем субботу.  Праз шэсць дзён этап Кубка свету па фрыстайле пройдзе ў Раўбічах. Спяшайцеся ўбачыць гэты старт асабіста.

А вось чэмпіянат свету па біятлоне пакуль складаецца не так удала,  як мы таго жадаем. Лепшы вынік - 15-е месца Антона Смольскага ў спрынце. У суботу беларус фінішаваў на 15-м месцы. Гэта лепшы вынік атлета ў кар'еры. У аўторак і сераду вашай увазе індывідуальныя гонкі.

 Дарэчы, убачым асноўны склад зборнай Беларусі па біятлоне ў Раубічах ужо на наступным тыдні. Чэмпіянат Еўропы пройдзе менавіта ў легендарным спарткомплексе пад Мінскам. Спаборніцтвы павінны былі прайсці ў Эстоніі,  аднак у Отэпя няма снегу. Міжнародны саюз біятланістаў звярнуўся да нас з просьбай правесці турнір у Раубічах. Міністэрства спорту згадзілася. IBU кампенсуе фінансавы бок пытання. 

8 медалёў - вынік выступлення беларусаў на чэмпіянаце Еўропы па барацьбе ў сталіцы Італіі, 3 з іх залатыя.

Магамедхабіб Кадымагамедаў   у вагавой катэгорыі 79 кілаграмаў, Максім Нягода (катэгорыя 63)  і Ванеса Каладзінская ў вагавой катэгорыі да 53 кілаграмаў прынеслі нашай краіне залатыя ўзнагароды. Таксама ў нашым актыве адзін сярэбраны медаль і чатыры бронзавыя. Нягледзячы на такі поспех, на жаль, алімпійскія ліцэнзіі на гэтых спаборніцтвах не разыгрываліся.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам свету па біятлоне, таксама вашай увазе чарговыя матчы "Дынама" ў КХЛ і Экстралізе. У чацвер "Мінчанка" згуляе супраць "Ле Канэ" ў Кубку ЕКВ. Ужо заўтра стартуе футбольная Ліга чэмпіёнаў. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, а мы абавязкова яшчэ ўбачымся.