Рубрыка "Матчбол"

13 мая 2019

Май у Беларусі насычаны не толькі падзеямі прафесійнага спорту, але і вельмі яскравымі цырымоніямі і мерапрыемствамі здаровага ладу жыцця. Але сёння ўсё ж пачнем нашу рубрыку “Матчбол”, безумоўна, з гістарычнай падзеі ў беларускім спорце.

21 чэрвеня менавіта сюды, на галоўную арэну ІІ Еўрапейскіх гульняў, прыбудзе эстафета "Полымя міру", якая пачала свой шлях 3 мая ў сталіцы Італіі - Рыме. А ўчора Брэст адкрыў беларускі маршрут эстафеты. На стадыёне "Дынама"адбудзецца адкрыццё і закрыццё галоўнага мультыспартыўнага спаборніцтва Еўропы ў гэтым годзе. 

Пасля доўгага шляху па краінах Еўропы і беларусы дачакаліся эстафеты "Полымя міру". Калона байкераў, якая даставіла агонь з Рыма, была на польска-беларускай граніцы ў вызначаны час.

Кіраўнік калоны байкераў Яўген Бейзак прынёс агонь, і праз некалькі хвілін эстафету ў Беларусі пачала алімпійская чэмпіёнка Афінаў Юлія Несцярэнка, для якой Брэст - родны горад.

З кожным днём мы ўсё больш адчуваем надыход ІІ Еўрапейскіх гульняў. На маршруце, дзе будуць змагацца за медалі ў чэрвені, прайшло ў выхадныя "Гран-пры Мінска" па веласпорце на шашы.

Яшчэ ў суботу наш вядомы і яшчэ вельмі малады велагоншчык Яўген Каралёк выйграў Кубак Мінска. І гэта адбылося ўпершыню ў пяцігадовай гісторыі спаборніцтва. Гонка для нашай надзеі на Алімпійскія гульні ў Токіа атрымалася цяжкай, асабліва фініш, дзе толькі на апошніх метрах Каралёк вырваўся з насычанага пелатона. У 2017 Яўген перамагаў у Мінску, але ў спаборніцтвах серыі "Гран-пры". 

Але веласіпедны тыдзень працягнецца і ў найбліжэйшыя дні. Веладром "Мінск-Арэны" прыме "Гран-пры Мінска" па веласпорце на трэку. А 18 мая кожны, хто прытрымліваецца здаровага ладу жыцця, можа прыняць удзел у велакарнавале "Віва Ровар".