Рубрыка Матчбол

14 июля 2014
Сталічныя журналісты раз і назаўжды змянілі сваё меркаванне аб хакейным клубе Дынама-Мінск у лепшы бок. Кіраўніцтва каманды арганізавала сумесную трэніроўку хакеістаў і работнікаў СМІ. Белтэлерадыёкампанія дэлегавала ў стан зуброў Станіслава Ліпскага. Ён падзеліцца ўражаннямі ў рубрыцы Матчбол.


Германія - чатырохразовы чэмпіён свету па футболе. Напярэдадні ў суперфінале каманда з берагоў Рэйна перамагла Аргенціну на чале, бадай, з лепшым футбалістам планеты - Ліянелем Месі. Па якім сцэнарыі праходзіў паядынак - глядзіце далей.
За 120 хвілін футбалісты абедзвюх зборных забілі толькі адзін гол. Нападаючы Германіі Марыа Гётце адзначыўся і такім чынам прынёс сваёй камандзе залатыя медалі планетарнага форуму і ў дадатак 30 мільёнаў еўра - менавіта такі памер прэміяльных пераможцам. Аднак па выніках турніру лепшым гульцом чэмпіянату стаў Ліянель Месі. Свята футбола завершана.
У Вышэйшай лізе айчыннага чэмпіянату па футболе прайшоў 17-ы тур. Галоўны яго вынік - сталічнае Дынама замацоўваецца на першым месцы ў турнірнай табліцы. БАТЭ на Барысаў-Арэне чарговы раз страціў ачкі: у абласным дэрбі жоўта-сінія 1:1 згулялі супраць жодзінскага Тарпеда-БелАЗ. Арбітры паядынка на авансцэне у галоўных ролях.
А вось сталічнае Дынама 1:0 перамагае Белшыну - і цяпер на тры ачкі апярэджвае дзеючага чэмпіёна. Салігорскі Шахцёр таксама 1:0 мацнейшы за гродзенскі Нёман, гарнякі трэція ў чэмпіянаце. Яшчэ адзін прадстаўнік цэнтральнага рэгіёна - футбольны клуб Мінск перамог Днепр, і тут 1:0.
Хакейнае мінскае Дынама на мінулым тыдні пачало падрыхтоўку да старту ў новым сезоне. Аднак перад выхадам з адпачынку кіраўніцтва клуба арганізавала цікавую акцыю: запрасіла журналістаў на сумесную трэніроўку з хакеістамі. Мэта - стаць бліжэйшымі адно да аднаго.
Падзея праходзіла не на лёдзе, а ў трэнажорнай зале пад кіраўніцтвам трэнера па фізічнай падрыхтоўцы зуброў Уладзіслава Занкаўца. Нападаючы клуба Аляксандр Паўловіч у ролі яго асістэнта.
Апагеем арыгінальнай акцыі хакейнага клуба стаў розыгрыш каштоўнага падарунка: па алімпійскай сістэме журналісты вызначылі самага спрытнага - Станіслаў Ліпскі заняў другое месца.
На гэтым тыдні прыйшоў час падтрымаць ужо беларускія футбольныя клубы на еўраарэне: БАТЭ ў аўторак стартуе ў Лізе чэмпіёнаў - на Барысаў-Арэне жоўта-сінія згуляюць супраць албанскага Скендэрбеу, а ў чацвер Дынама-Мінск, салігорскі Шахцёр і гродзенскі Нёман пачнуць барацьбу ў Лізе Еўропы. Пажадаем ім перамогі. Любіце спорт, і яшчэ ўбачымся!