Рубрыка "Матчбол"

11 февраля 2019

Насычаным на спартыўныя спаборніцтвы будзе наступны тыдзень - пройдуць кантынентальны турнір па біятлоне, “Гонка легенд” і адзін з этапаў Кубка свету па фрыстайле. Ну а пакуль акцэнт у рубрыцы "Матчбол" на іншых падзеях.


Снег, які пайшоў сёння ў Мінску, сімвалізуе насычаны на спартыўныя спаборніцтвы люты ў нашай краіне. Прайшлі "Мінская лыжня" і "Снежны снайпер". Наперадзе “Гонка легенд”, чэмпіянат Еўропы па біятлоне і этап Кубка свету па фрыстайле. Аднак спачатку пра жаночы тэніс.

Нацыянальная каманда Беларусі матчы чвэрцьфіналу Кубка Федэрацыі праводзіла ў Браўншвейгу, аднак амаль усе сустрэчы тэнісісткі з Германіі гуляюць на кортах Штутгарта - у горадзе, які прымае статусны турнір WTA-тура. Першай з нашых тэнісістак на корт выйшла Аляксандра Сасновіч, якая ў стартавым матчы перамагла Таццяну Марыю, першую ракету немецкай каманды. Увогуле і астатнія паядынкі пацвердзілі клас зборнай Беларусі. Арына Сабаленка не пакінула шанцаў некалі вельмі моцнай тэнісістцы Андрэа Петкавіч. Арыне хапіла і часу.

Гэта імёны ўдзельнікаў трэцяга матча чвэрцьфіналу Кубка Федэрацыі. Лаўра Зігемунд старалася навязаць барацьбу Арыне, але вынік матча завяршыўся на карысць беларускі.

Менавіта пасля другой перамогі Сабаленкі беларускі дасягнулі сваёй мэты і выйшлі ў паўфінал. Па рэгламенце, пасля трох перамог адной са зборных праводзіцца парны матч, і ў нашай зборнай таксама атрымалася перамагчы. Вельмі моцнымі паказалі сябе Лідзія Марозава і Вікторыя Азаранка.

Увогуле беларускі тэніс апошнімі гадамі паказвае сябе з вельмі моцнага боку. Мы вельмі добра памятаем гульню ў фінале Кубка Федэрацыі напрыканцы 2017 года. А ў гэтым сезоне ўжо выходзім у паўфінал.

У выхадныя прайшоў вельмі важны матч для "Мінчанкі" ў розыгрышы валейбольнай Суперлігі. Да нас у госці прыехала тытулаваная "Уралачка", якой шмат гадоў кіруе легендарны Мікалай Карполь. Спачатку расіянкі выйшлі наперад, беларускі ўпэўненымі дзеяннямі Ганны Каліноўскай і Ганны Грышкевіч зраўнавалі лік. Вельмі напружанай выйшла канцоўка чацвёртай партыі, калі "Мінчанка" змагла пераламаць ход гульні і давесці матч да вырашальнага пятага сэта. Але там усю моц паказала "Уралачка", у складзе якой выступаюць беларускі Анастасія Гарэлік і Ганна Клімец.

Для футбольных аматараў гэты тыдзень будзе вельмі яскравым. Пасля зімовай паўзы пачнецца барацьба ў плэй-оф Лігі чэмпіёнаў. Але ўвага беларускіх балельшчыкаў будзе накіравана на стадыён у Барысаве. У 20:45 БАТЭ прыме тытулаваны лонданскі "Арсенал". Абавязкова ўбачымся на трыбунах!