Рубрыка "Матчбол"

5 августа 2019

9 узнагарод заваявалі беларускія атлеты на маладзёжным і юніёрскім чэмпіянатах свету па веславанні на байдарках і каноэ ў Румыніі. 2 з іх залатыя. Наперадзе галоўны старт сезона - першынство планеты сярод дарослых, на якім будуць разыграны ліцэнзіі на Алімпіяду ў Токіа. Турнір стартуе 21 жніўня. Падрабязна пра спорт у рубрыцы "Матчбол".

І зноў пачнём з футбола. У суботу і нядзелю вызначыліся ўсе ўдзельнікі 1/4 Кубка Беларусі. Абышлося без сенсацый -  фаварыты ідуць далей, праўда, здзівіла перамога мазырскай "Славіі" над "Віцебскам", 3:1. Усе 6 лідараў турнірнай табліцы чэмпіянату сінхронна перамагаюць у 1/8: БАТЭ, 8:1, мінскае "Тарпеда", "Іслач", 3:2 "Энергетык-БДУ", "Шахцёр", гомельскі "Лакаматыў", 2:1. Футбалісты жодзінскага "Тарпеда" мацнейшыя за "Нафтан", 4:1, брэсцкае "Дынама" перамагае "Мінск", 3:1. Найбольш напружаным атрымалася супрацьстаянне “Гомеля” і сталічнага "Дынама". У Мінску бела-блакітныя толькі ў дадатковы час здолелі перамагчы, 3:1.

1/4 фіналу Кубка пройдзе ўжо ў 2020, таму вяртаемся да падзей чэмпіянату ў цэнтральнай гульні 17 тура. У нядзелю ў сталічным дэрбі "Дынама" згуляе супраць "Мінска", пачатак паядынку ў 20:45.

Хакейны сезон афіцыйна стартаваў ў Беларусі. У мінулы чацвер 14 каманд пачалі барацьбу за Кубак Руслана Салея. Усяго на папярэдняй стадыі ўдзельнічаюць 16 дружын, у перыяд з 1 па 14 жніўня ўдзельнікі згуляюць паміж сабой па адным матчы ў адзін круг. Пераможцы груп атрымаюць пуцёўкі ў фінал чатырох турніру, дзе да іх далучацца мінскае "Дынама" і "Юнацтва". Матчы апошняга раўнда пройдуць 17 і 18 жніўня ў Оршы. Дарэчы, пасля двух тураў на першым месцы з дзвюма перамогамі аршанскі "Лакаматыў".

Арына Сабаленка за адзін крок спынілася ад свайго чацвёртага тытула WTA. Мінулай ноччу мінчанка ў фінале спаборніцтваў у Сан-Хасэ саступіла прадстаўніцы Кітая Чжэн Сайсай, 3:6, 6:7. Аднак выхад у фінал спаборніцтваў дапамог Арыне ў сусветным рэйтынгу абысці Серэну Уільямс і стаць дзявятай ракеткай планеты.

На гэтым тыднi сочым за футболам. Вас чакаюць матчы 3-га раунда кваліфікацыі Лігі Еўропы, у чацвер БАТЭ згуляе супраць "Сараева" ў гасцях, а "Шахцёр" таксама на выедзе супраць "Тарына". Паралельна цікавімся падзеямі каманднага чэмпіянату Еўропы па лёгкай атлетыцы і матчамі тэніснага турніру ў Таронта. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, мы абавязкова яшчэ ўбачымся.