Рубрыка "Матчбол"

4 ноября 2019

Лепшая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка ў сусветным рэйтынгу паднялася на тры пазіцыі і зараз знаходзіцца на 11-ым радку. Гэта адбылося пасля добрага выступлення на выніковых турнірах года. Але ж тэніс вельмі хутка возьме паўзу.

Падрабязна пра спартыўныя падзеі Андрэй Казлоў. Асаблівы ландшафт Лагойскага раёна прываблівае да сябе не толькі ў зімовы перыяд. Аматары здаровага ладу жыцця зноў сабраліся, каб не толькі выявіць наймацнешага, але і выпрабаваць сябе. Бег па перасечанай мясцовасці набірае папулярнасць у Беларусі, нават дастаткова гарыстай мясцовасці нашага знакамітага спарткомплекса "Раўбічы". Лепшай камандай стаў квартэт з Полацка.

А вось у футбольным нацыянальным першынстве мы фактычна ведаем чэмпіёна-2019. Барысаўскі БАТЭ вельмі няўдала правёў хатні паядынак супраць "Іслачы", якая прадстаўляе Мінскі раён, і саступіў з лікам 2-4. Адным з лепшых на полі стаў паўабаронца "Іслачы" Аляксандр Глеб, які правёў у Барысаве некалькі выдатных сезонаў.


Тым часам у Брэсце прайшоў вельмі эмацыянальны, яскравы і скандальны матч. Мясцовае "Дынама" згуляла ўнічыю з салігорскім "Шахцёрам", 1-1. Аднак самы прыметны эпізод – гульня рукой абаронцы “гарнякоў” Ігара Бурко, пасля якой арбітр сустрэчы пенальці не назначыў. А ўжо сёння стала вядома, што галоўны трэнер "Шахцёра" Сяргей Ташуеў адпраўлены ў адстаўку.

Значнай падзеяй стаў этап Кубка свету па веласпорце на трэку. Да нас у госці на веладром "Мінск-Арэны" зноў з'ехаліся самыя моцныя спартсмены сучаснасці. Але мы, безумоўна, падтрымлівалі сваіх. Два медалі заваявалі беларусы на хатнім этапе Кубка свету па веласпорце на трэку, першым у алімпійскім сезоне. 57 каманд з 44 краін змагаліся на веладроме "Мінск-Арэны" не толькі за ўзнагароды, але і за ліцэнзійныя ачкі на галоўныя гульні чатырохгоддзя. Так, на вышэйшую прыступку п'едэстала ў сваёй кароннай дысцыпліне - скрэтчы - падняўся Яўген Каралёк. А ў жаночай гонцы па ачках бронзу ўзяла Таццяна Шаракова.

 І напрыканцы "Матчбола" - анонс чэмпіянату Еўропы па тайландскім боксе, які будзе працягвацца ў Палацы спорту да канца тыдня. Беларускі адны з лепшых і паспяховых у гэтым відзе спорту. Таму чакаем ад нашых атлетаў медалёў. Безумоўна, будзем падтрымліваць усіх беларусаў. Тым больш што на хатнім еўрапейскім чэмпіянаце выступяць легендарныя беларускія спартсмены - Дзмітрый Валент і Андрэй Кулебін. Таксама чакаем выдатнага выступлення і ад моладзі. На нядаўнім чэмпіянаце свету нашы маладыя байцы ўзялі адразу некалькі медалёў.

Паядынкі пройдуць у мінскім Палацы спорту да 11 лістапада. І ўвага - уваход будзе для гледачоў бясплатным.