Рубрыка Матчбол

3 ноября 2014

Хакейнае мінскае Дынама ў рэгулярным чэмпіянаце КХЛ ужо згуляла трэць матчаў, запланаваных календаром турніру, і на гэты момант упэўнена ўваходзіць у зону плэй-оф. Напярэдадні Зубры ў бліскучым стылі атрымалі перамогу 4:1.

А вось футбольнае мінскае Дынама ў мінулыя выхадныя расчаравала сваіх прыхільнікаў, чаму - ведае Станіслаў Ліпскі. Дынама-Мінск - БАТЭ: афіша цэнтральнага матчу 29 тура чэмпіянату краіны па футболе у Вышэйшай лізе. Дзве самыя тытулаваныя каманды Беларусі на сталічным стадыёне Трактар вырашалі лёс залатых медалёў турніру. Бела-блакітным патрэбна была толькі перамога.

Дзве дружыны перад гэтай гульнёй усяго адзін бал аддзяляў у турнірнай табліцы. Барысаўчане займалі першае месца, мінчане - другое. Верагоднасць страціць ачкі ў апошніх трох матчах сезона, зразумела, існуе і для Дынама, і для БАТЭ. Аднак менавіта перамога ў гульні ў суботу на 95% давала б адказ усім аматарам футбола - хто стане чарговым чэмпіёнам.

Сталічны клуб меў перавагу ў першым тайме, і нават у пачатку другога, аднак потым здарылася тое, за што футбол і любяць: за яго непрадказальнасць. Анры Хагуш, абаронца жоўта-сініх неверагодным ударам адкрывае лік і ўпершыню ў сезоне забівае гол.

А праз пяць хвілін яшчэ адзін абаронца БАТЭ - Дзяніс Палякоў - здавалася, ставіць кропку ў сустрэчы. Дынамаўцы адзін мяч усё ж адквіталі, аднак на большае часу не хапіла.

У наступным туры БАТЭ дома прыме Нафтан, Дынама ў Жодзіне згуляе супраць мясцовага Тарпеда-БелАЗ: канстатуем, барысаўчане без пяці хвілін 11-разовы чэмпіён Беларусі.

Хакейнае мінскае Дынама ў суботу таксама прайграе. Аднак дагэтуль зубры атрымалі пяць перамог запар. Каманда выступае ў Заходняй канферэнцыі КХЛ і зараз упэўнена ўваходзіць у зону плей-оф.

За 37 матчаў да завяршэння рэгулярнага чэмпіянату мінчане займаюць пятае месца ў турнірнай табліцы , у актыве каманды 43 балы. Пасля паражэння ад Сібіры 1:4, у нядзелю дружына Любаміра Покавіча 4:1 ужо перамагае новакузнецкі Металург, аднак без лепшага галеадора каманды - Джонатана Чычу, які адсутнічаў з-за траўмы.

Не аднавіўся пасля траўмы і яшчэ адзін нападаючы бела-блакітных Шарль Лінгле, чарговая выязная серыя абяцае стаць вельмі складанай - Дынама чакае 6 паядынкаў, толькі 24 лістапада каманда вернецца ў Мінск. Зараз як ніколі зубрам трэба ваша падтрымка.

На гэтым тыдні ўся ўвага футболу: у сераду БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў згуляе супраць данецкага Шахцёра, у чацвер сталічнае Дынама ў Лізе Еўропы згуляе супраць французскага Генгама, не абыдзем без увагі і баскетбол: сталічныя Цмокі стартуюць у Еўрачэленджы, падтрымліваем і хакейнае мінскае Дынама у КХЛ.