Рубрыка "Матчбол"

2 апреля 2018

Якую мэту на сезон ставіць футбольнае мінскае “Дынама”, за кошт чаго перамагае гандбольны СКА і вынікі фінала Кубка Прэзідэнта па хакеі - адказы ў Станіслава Ліпскага і штотыднёвай спартыўнай рубрыцы “Матчбол”.

28-ы чэмпіянат краіны па футболе нарэшце стартаваў. 16 каманд спрачаюцца за тытул найлепшай – 10 з іх прадстаўнікі цэнтральнага рэгіёна. БАТЭ і мінскае “Дынама” пачынаюць з перамог.

Жоўта-сінія на “Барысаў-Арэне” мацнейшыя за дэбютантаў Вышэйшай лігі – футбалістаў са “Смалявіч” 1:0. “Дынамаўцы” сталіцы 2:1 перайгралі “Тарпеда-БелАЗ”. Дарэчы, галоўны трэнер мінчан Сяргей Гурэнка ставіць задачу на сезон перамагаць у кожным матчы, вярнуць прыхільнікаў каманды на трыбуны стадыёнаў - найважнейшая мэта “Дынама”.

Па выніках першага тура трэцім клубам, які здолеў здабыць вікторыю, стаў “Днепр”, магіляўчане былі мацнейшымі за “Гарадзею” ў гасцях 2:1. У астатніх матчах зафіксаваны нічые. Адзначым, выніковыя лічбы 0:0 паміж “Шахцёрам” і “Дынама-Брэст”. Другі тур спаборніцтваў стартуе ўжо ў чацвер.

У фінале Кубка Прэзідэнта па хакеі пасля трох матчаў сталічнае “Юнацтва” ўступае “Нёману” 1:2. Напярэдадні залатая серыя пераехала ў Мінск.

Пасля вікторыі ў гасцях у другой гульні над дзеючым чэмпіёнам у авертайме 3:2 прыхільнікі «мядзведзяў» спадзяваліся і на вікторыю дома, усё ж хатнія сцены часцей дапамагаюць – аднак не ў гэтым выпадку. “Юнацтва” прайграла клубу з Гродна без варыянтаў 0:3.

Чацвёртая гульня ў серыі да чатырох перамог пройдзе сёння - час паспець на “Чыжоўка–Арэну” яшчэ ёсць – пачатак матча ў 19:00.

Завяршаюць еўракубкавы сезон перамогай. Мінскі СКА ў заключным туры групавога этапу Кубка ЕГФ - другога па значнасці клубнага турніру Еўропы – мацнейшы за славацкі “Татран”, 34:27. Самым выніковым у складзе беларусаў стаў Уладзіслаў Кулеш - 9 мячоў.

СКА займае трэцяе месца ў квартэце і завяршае выступленне ў Кубку ЕГФ. Далей ад нашай групы ідзе толькі нямецкі “Магдэбург”.

А вось ужо заўтра на пляцоўцы спорткомплексу “Уручча” пройдзе, бадай, самы значны валейбольны паядынак у суверэннай гісторыі Беларусі. “Мінчанка” ў першым матчы фінала другога па значнасці клубнага турніру Старога Свету – Кубка ЕКВ - згуляе супраць турэцкай каманды “Эджзаджыбашы”. Квіткоў на матч не засталося, таму ў 19:30 сачыце за гульнёй у прамым эфіры тэлеканала “Беларусь 5”. Давайце ўсе разам падтрымаем нашых дзяўчат. Убачымся праз тыдзень.