Рубрыка “Матчбол”

4 июля 2016

Чарговы еўрапейскі паход прадстаўнікоў цэнтральнага рэгіёна ў еўракубках стартаваў з перамог. "Шахцёр” і сталічнае “Дынама” за крок ад другога раўнда Лігі Еўропы. Ці атрымаецца яго зрабіць - даведаемся ўжо ў чацвер?! А тым часам БАТЭ прымае віншаванні з днём нараджэння ад футбалістаў італьянскага “Мілана”. Рубрыка “Матчбол” прадоўжыць выпуск.

Бадай, самая вядомая беларуская футбольная каманда ў свеце – барысаўскі БАТЭ, на мінулым тыдні адсвяткавала сваё 20-годдзе. Павіншаваць "жоўта-сініх", акрамя зорак айчыннага спорту, прыехалі і ветэраны італьянскага футбола: "Мілан" завітаў у Барысаў на таварыскі паядынак.

У афіцыйных матчах супраць апенінцаў беларусы, дарэчы, так і не здолелі атрымаць ніводнай вікторыі. Таму з пункту гледжання выніку - паядынак быў цікавым. Цікавым, нават выдатным быў і склад "Мілана": у Барысаў прыехалі 7 пераможцаў Лігі чэмпіёнаў, тры футбалісты станавіліся чэмпіёнамі свету ў складзе Італіі. Аднак, нягледзячы на грозных сапернікаў, дзякуючы вось гэтаму дакладнаму стрэлу Генадзя Блізнюка,

БАТЭ перамог 1:0. Прысвечана гэта гульня была і капітану барысаўчан – Дзмітрыю Ліхтаровічу, які правёў за каманду свой развітальны матч.

Барысаўскі БАТЭ застаецца адзіным беларускім клубам, хто выходзіў у адну восьмую фіналу Еўракубка – "жоўта-сінія" вось ужо як 10 гадоў запар перамагаюць у чэмпіянаце краіны, каманда выдатна выступае ў Лізе чэмпіёнаў - у актыве барысаўчан у гэтым турніры вікторыі над "Баварыяй", "Ромай", "Атлетыкам" і "Лілем". Рубрыка "Матчбол" таксама віншуе клуб з днём нараджэння.

З дзвюх перамог прадстаўнікі цэнтральнага рэгіёну – салігорскі “Шахцёр” і сталічнае "Дынама" стартавалі ў новым сезоне Лігі Еўропы. У першым крузе кваліфікацыі гарнякі ў гасцях атрымалі вікторыю над прадстаўнікамі фарэрскага футбола – "Рунавікам" - 2:0. А вось мінчане атрымалі хатнюю вікторыю над "Спартаком" з Юрмалы менш упэўнена 2:1. Наперадзе матчы ў адказ у гэты чацвер. БАТЭ, дарэчы, 12 ліпеня пачне свой еўрапейскі паход - у другім крузе адборачнага раўнда Лігі чэмпіёнаў "жоўта-сінія" паспрабуюць прайсці фінскі СІК.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам Еўропы па футболе: фінал ужо ў нядзелю. Паралельна падтрымліваем салігорскі "Шахцёр" і сталічнае "Дынама" ў Лізе Еўропы. Аматарам тэніса прапаную Уімблдон, у сераду стартуе чэмпіянат Еўропы па лёгкай атлетыцы. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова ўбачымся.