Рубрыка "Матчбол"

18 июля 2016

Вікторыя Азаранка ўслед за Дар'яй Домрачавай аб'явіла, што хутка стане мамай. У сувязі з гэтым тэнісістка датэрмінова завяршыла сезон і прапусціць Алімпійскія гульні ў Бразіліі. А тым часам беларускія футбольныя клубы працягваюць барацьбу ў еўракубках. Падрабязней у рубрыцы "Матчбол".

Пачнем з прыемнага: ужо сем матчаў правялі беларускія футбольныя клубы ў еўракубках гэтым летам і ні разу не прайгралі! Характэрна, што ўсе каманды - выключна прадстаўнікі цэнтральнага рэгіёна. Такі вынік ужо дакладна павысіць рэйтынг нашай краіны на еўраарэне, але апетыт прыходзіць падчас ежы.

БАТЭ ў чарговым сваім старце ў Лізе чэмпіёнаў у першым матчы безумоўна перамагае фінскі СІК. Для таго каб адкрыць лік, барысаўчанам спатрэбілася 32 хвіліны. Юрый Кендыш пасля падачы вуглавога адправіў мяч у вароты. Пасля перапынку вызначыўся Віталь Радзівонаў, для якога гэты мяч стаў 20-м у еўракубках. 2:0 жоўта-сінія мацнейшыя. Матч у адказ пройдзе заўтра ў Фінляндыі.

Мінскае "Дынама" не змагло перамагчы ў першым матчы другога кваліфікацыйнага раўнда футбольнай Лігі Еўропы. Бела-сінія прымалі ірландскую "Сент-Патрыкс", у складзе якой ёсць футбалісты-непрафесіяналы. Аднак гэта не збянтэжыла гасцей - 1:1 вынік сустрэчы.

Пасля гэтай гульні з пасады галоўнага трэнера сталічных быў звольнены Вук Рашавіч.

А вось жодзінскае "Тарпеда" парадавала. У Венгрыі "аўтазаводцы" сустракаліся з аўтарытэтным "Дэбрэцэнам" і прапусцілі ўжо на другой хвіліне. Але ў сярэдзіне тайма Сяргей Загінайлаў зраўняў лік, забіўшы ў сваім дэбютным матчы за "Тарпеда". А на 88-й хвіліне Яўген Клапоцкі голам са штрафнога прынёс перамогу беларусам 2:1.

Салігорскі "Шахцёр" на хатняй арэне не здолеў перайграць славенскі "Дамжале", аднак і не прайграў, 1:1 вынік сустрэчы. Шанцы на працяг барацьбы ў Еўракубку застаюцца.

Сустрэчы ў адказ пройдуць у чацвер.

Кантынентальная хакейная ліга тым часам апублікавала каляндар на дзявяты сезон. Хакеісты мінскага "Дынама" свой першы матч правядуць 6 верасня на выездзе супраць маскоўскага "Спартака". Супраць гэтага ж саперніка "зубры" адкрывалі для сябе і папярэдні сезон. Адзначым, мінчане ў дзявятай рэгулярцы стартуюць на два тыдні пазней за іншыя клубы. Асноўная частка матчаў першага тура адбудзецца 23 жніўня. Такі позні старт у КХЛ мінскага "Дынама" звязаны з удзелам нацыянальнай зборнай Беларусі ў алімпійскім адборачным турніры, які з 1 па 4 верасня пройдзе ў Мінску. За адзіную пуцёўку на зімовыя Алімпійскія гульні пазмагаюцца Беларусь, Славенія, Данія і Польшча.

На гэтым тыдні ўся ўвага футболу: ці здолеюць беларускія клубы прайсці далей у еўракубках? Мы ў гэта дакладна верым, паралельна сочым за юніёрскім чэмпіянатам свету па лёгкай атлетыцы, уласна як і за прэстыжным тэнісным турніры ў шведскім Бастадзе. Зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.