Рубрыка "Матчбол"

9 Кастрычніка 2017

Сталічнае хакейнае «Дынама» зноў перамагае, прыемна здзіўляе салігорскі «Шахцёр» - чарговае ўдалае выступленне ў Экстралізе. І асноўны раўнд Кубка УЕФА - ужо ў гэтую сераду ў Мінску. Спартыўны агляд сталіцы і Мінскай вобласці - у Станіслава Ліпскага.

Пачнем, бадай, з самага цікавага - паядынка нацыянальнай зборнай Беларусі па футболе супраць каманды Нідэрландаў, матч праходзіў на "Барысаў-Арэне" ў суботу.

Перамогі ў 1995 і 2007 над Галандыяй - адны з самых яскравых у нашай футбольнай гісторыі, таму гульні супраць гэтай каманды, тым больш у Беларусі, выклікаюць значную цікавасць.

Прапусціўшы першымі, Ігар Стасевіч і кампанія здолелі зраўнаваць лік, аднак спрэчны пенальці напрыканцы сустрэчы зноў вывеў наперад гасцей, а такі ж неадназначны дакладны штрафны ў бок гаспадароў паставіў кропку ў гульні 3:1.

Сёння нацыянальная зборная адправілася ў Парыж на заключны паядынак кваліфікацыі да чэмпіянату свету супраць Францыі - на гульню, дзе стане зразумела, якое месца ў выніку ў групе наша каманда зойме. Прамую трансляцыю гульні заўтра ў 21:45 глядзіце на тэлеканале "Беларусь 5".

Сталічнае хакейнае "Дынама" зноў перамагае - і зноў маскоўскае "Дынама", пасля вікторыі дома ў панядзелак 5:1 у сталіцы Расіі "зубры"ў пятніцу мацнейшыя 2:1.

Гэтая перамога трэцяя запар для дружыны Гордзі Дуаера: на рахунку мінчан зараз 25 балаў пасля 19 матчаў, што адпавядае адзінаццатаму месцу на Захадзе. У пятніцу абгулялі масквічоў у асноўны час дзякуючы дакладнаму стрэлу Арцёма Волкава 2:1, які, дарэчы, не вызначаўся на працягу 58 матчаў. Замацаваць поспех дынамаўцы паспрабуюць 11 кастрычніка - у Мінск завітае "Салават Юлаеў".

У айчыннай Экстралізе здзіўляе сваім ходам салігорскі "Шахцёр", "гарнякі" ў сезоне яшчэ ні разу не прайгралі! 10 перамог з дзесяці магчымых на рахунку салігарчан. У суботу каманда Уладзіміра Цыплакова ў складаным матчы мацнейшая за дзеючага чэмпіёна -"Нёмана" 4:3. Яшчэ адным клубам, які пакуль не прайгравае, з’яўляецца "Юнацтва" - 12 кастрычніка каманды згуляюць паміж сабой.

На гэтым тыдні падтрымліваем сталічнае хакейнае "Дынама", сочым за "Сталіцай" у міні-футбольным Кубку УЕФА, а ў суботу, бадай, у цэнтральнай сустрэчы восені сталічнае футбольнае "Дынама" згуляе з "Шахцёрам".

Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.