Рубрыка "Матчбол"

30 сентября 2019

Арына Сабаленка  перамагае на прэстыжным  тэнісным  турніры ў Кітаі. У фінале спаборніцтва ў трох сэтах беларуска мацнейшая за амерыканку. Дзякуючы гэтаму трыумфу Арына сёння захавала 14 месца  ў сусветным рэйтынгу. Падрабязна Станіслаў Ліпскі.

Футбол ізноў у авангардзе падзей. Прэтэндэнт на залатыя медалі чэмпіянату Беларусі – салігорскі “Шахцёр” -  напярэдадні ў Мінску згуляў ўнічыю з “Дынама”.

Пасля трыумфу БАТЭ над “Нёманам” у суботу, 1:0, “гарнякі” павінны былі набіраць тры балы, каб застацца ў гонцы за першае месца.

Бодул лік адкрыў, здалося, што “Шахцёр” упэўнена перамагае, аднак гаспадары здолелі аднавіць раўнавагу. Пенальці рэалізаваў Даніла.  1:1 - вынік сустрэчы. Сяргей Гурэнка застаўся незадаволены судзействам.

Дарэчы, сёння галоўны трэнер “Дынама” святкуе сваё 47-годдзе, з чым мы яго і віншуем. У наступным паядынку мінчане ў нядзелю згуляюць супраць “Іслачы”.

А вось сталічнае хакейнае “Юнацтва” напярэдадні ў чарговым паядынку Экстралігі ў бліскучым стылі перамагае “Нёман”, 3:2. Мінчане такім чынам атрымалі чацвёртую перамогу запар.

Каманда Аляксандра Макрыцкага пасля дакладных кідкоў Екунена і Кіслага ў другім перыядзе саступала 0:2, аднак Драздоў і Парфеевец парытэт аднавілі, а ў серыі булітаў вырвалі вікторыю, 3:2. Клуб з Гродна застаўся на першым месцы, “Юнацтва” пакуль на чацвёртым радку.

У цэнтральным паядынку гандбольнага першынства Беларусі БГК імя Мяшкова ў звышнапружаным матчы перамагае сталічны СКА, 25:24. Самым выніковым гульцом сустрэчы стаў правы крайні мінчан Мікалай Алёхін. У яго актыве 7 дакладных кідкоў. У турнірнай табліцы і ў БГК, і ў СКА па 10 балаў.

У працяг гандбольнай тэмы. На жаль, жаночая зборная Беларусі ў матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы пацярпела паражэнне ад каманды Славеніі,  29-31. Сустрэча прайшла ў мінскім Палацы спорту "Уручча". У наступнай гульні адбору беларускі ў сакавіку згуляюць супраць Косава ў гасцях.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам свету па лёгкай атлетыцы, паралельна падтрымліваем сталічнае “Дынама” ў КХЛ, а таксама вашай увазе гульні футбольнай Лігі чэмпіёнаў і Лігі Еўропы. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт,  мы абавязкова яшчэ ўбачымся.