Рубрыка "Матчбол"

29 Мая 2017

Фінал футбольнага Кубка краіны, вырашальная серыя чэмпіянату Беларусі па гандболе і чарговы крок да планетарнага першынства нашай зборнай па валейболе. Падрабязнасці ў рубрыцы “Матчбол”.

10 гадоў футбольны клуб “Дынама-Брэст” ішоў да свайго другога ў гісторыі трыумфу ў Кубку Беларусі. Салігорскі “Шахцёр” супрацьстаяў камандзе Уладзіміра Жураўля. Вырашальны матч прайшоў напярэдадні ў горадзе над Нёманам.

Здавалася, што пасля вось гэтага дакладнага стрэлу нападаючага «гарнякоў» Віталя Лісаковіча ў сярэдзіне другога тайма аднавіць раўнавагу бела-сінія так і не здолеюць, усё ж “Шахцёр” на дадзены момант - лідар чэмпіянату, які ўмее гуляць на ўтрыманне ліку, аднак толькі здавалася… Аляксей Лягчылін аднавіў раўнавагу 1:1 напрыканцы сустрэчы. Дадатковы час пераможцу не вызначыў. А ў серыі пенальці 10:9 - Брэст атрымаў перамогу!

Такім чынам, пасля гэтай гульні канчаткова сфарміраваўся пул беларускіх каманд, якія згуляюць у гэтым сезоне ў Еўракубках. “Дынама-Брэст”, “Дынама-Мінск” і “Шахцёр” згуляюць у Лізе Еўропы. БАТЭ выступіць у Лізе чэмпіёнаў.

Выдатны настрой жыхароў горада над Бугам зрабілі яшчэ больш яркім мясцовыя гандбалісты. БГК выйграў у сталічнага СКА ў фінале плэй-оф чэмпіянату Беларусі.

Плэй-оф працягваўся да трох перамог адной з каманд. Вынік толькі першай гульні здзівіў, дзе “армейцы” ў авертайме ледзь не здабылі перамогу. Аднак безагаворачны фаварыт з Брэста тады вікторыю здабыў, уласна, як і ў дзвюх астатніх сустрэчах. Каманда Сяргея Бябешкі цяпер ужо дзевяціразовы чэмпіён краіны.

Мужчынская зборная Беларусі па валейболе прадоўжыць барацьбу за пуцёўку на чэмпіянат свету, які ў наступным годзе пройдзе ў Італіі і Балгарыі, у трэцім раўндзе кваліфікацыі. Перагуляўшы Данію напярэдадні 3:1, дружына Аляксандра Сінгаеўскага заняла другое месца ў сваёй групе і разам з Эстоніяй, Германіяй, Славакіяй, Іспаніяй і Бельгіяй паспрачаецца за адзіны свабодны пропуск на планетарны форум ад Еўропы. Адбор стартуе 11 ліпеня.

На гэтым тыдні вас чакае фінал Лігі чэмпіёнаў (ён пройдзе ў субботу), а ў чацвер падтрымліваем футбольную зборную Беларусі ў таварыскім паядынку супраць Швейцарыі. Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!