Рубрыка "Матчбол"

25 мая 2015

Барысаўскі БАТЭ трэці раз стаў пераможцам Кубка Беларусі. Клуб пацвердзіў статус лідара беларускага футбола на працягу апошніх гадоў. Сёлета барысаўчане ўжо бралі Суперкубак. Цікава, што перамаглі таксама салігорскі “Шахцёр”. Больш падрабязна - у рубрыцы “Матчбол”.

Расказвае Андрэй Казлоў.

Барысаўскі БАТЭ і салігорскі “Шахцёр” разыгрываюць Кубак Беларусі па футболе, а мінскае “Дынама” працягвае набіраць абароты пад кіраўніцтвам новага настаўніка. Для клубаў з Мінскага рэгіёна выхадныя аказаліся насычанымі. Ды і футбол, калі такое надвор’е, і глядзець, і гуляць у яго прыемна.

Разгром “Шахцёра” ў фінале Кубка Беларусі гульцы БАТЭ пачалі афармляць толькі ў другой палове матча.

Абарона “Шахцёра” відавочна пачала рабіць памылкі, што далей, то больш. Бушма, здавалася, мяч адбівае. Але Аляксандр Карніцкі аказаўся ў патрэбным месцы ў патрэбны час.

“Шахцёр” забіў свой гол прэстыжу, але кропку ў матчы ставіць БАТЭ. Жоўта-блакітныя бяруць у гэтым сезоне свой другі тытул. Сумняваюся, што нешта перашкодзіць узяць і трэці.

Мінскае “Дынама” ў гэтым сезоне ўжо гасціла ў Віцебску і дабілася перамогі, якая дазволіла мінчанам выйсці ў паўфінал Кубка Беларусі. Гэтым разам каманду павёз у Віцебск ужо другі настаўнік Вук Рашавіч. І вынік, мабыць, не такі прыемны - 0:0. Але мінчане з таго часу відавочна набіраюць стабільнасць у гульні і разлічваюць на медалі ў канцы сезона.

Жаночая зборная Беларусі выходзіць на чэмпіянат Еўропы. Другі раз запар на першынстве кантынента выступяць дзве беларускія каманды – як жаночая, так і мужчынская. У Брэсце нашы дзяўчаты абышлі ўкраінскую каманду па суме абодвух матчаў. Перамога заслужаная, тым прыемней, што дабіліся такога выніку без лідараў мінулага.

Гандбольны клуб СКА з Мінска, некалі адна з лепшых каманд Еўропы, мае намер заваяваць чэмпіёнскі тытул у Беларусі! Першы крок мінскія армейцы зрабілі ў Гомелі, а ў суботу прымалі гамяльчан на хатняй пляцоўцы.

У фінале Кубка Беларусі сустрэнуцца мінскі СКА і брэсцкі БГК імя Мяшкова. У матчы ў адказ армейцы дабіліся зноў упэўненай перамогі, 46:32. Першы фінальны матч пройдзе 27 мая ў мінскім Палацы спорту, другі ці трэці - на пляцоўцы брэсцкай каманды. Завяршэнне гандбольнага сезона ўжо не за гарамі.