Рубрыка "Матчбол"

23 ноября 2020

Спартыўны агляд у нашай традыцыйнай рубрыцы "Матчбол" сёння пачынаем з хакейнай тэмы, але да футбола абавязкова звернемся. Тым больш, на гэтым тыдні завершыцца нацыянальны чэмпіянат. У Кантынентальнай хакейнай лізе тым часам мінскае "Дынама" працягвае паказваць якасную гульню.

Хакейнае "Дынама" пасля чатырох перамог запар замацавалася ў зоне плэй-оф Заходняй канферэнцыі КХЛ. На "Мінск-Арэну" завітаў маскоўскі ЦСКА. Лідар не толькі Захаду, але ўсяго чэмпіянату і дзеючы ўладальнік Кубка Гагарына. Характэрна, што менавіта "зубры" адкрылі лік у матчы. На 12-й хвіліне каманду вывеў наперад нападаючы Брэндан Козун. Канадзец вызначыўся ў шостым паядынку запар і ўсталяваў рэкорд галявой серыі для гульца бела-сініх у адным сезоне. Раней у шасці матчах запар вылучаўся і Тэему Пулкінен, аднак тады серыя фіна расцягнулася на два гульнявыя гады. У другім перыядзе закідвалі толькі "армейцы". Марыа Кемпэ аформіў дубль. У заключнай трэці гаспадары прапусцілі яшчэ тройчы. Выніковы лік 5-1 на карысць ЦСКА.

Зараз мінскае "Дынама" займае 5-е месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі КХЛ. У актыве 32 балы. Наступны паядынак бела-сінія правядуць таксама дома. У аўторак сустрэча супраць "Лакаматыва" з Яраслаўля. Пачатак у 19:10. Прамая трансляцыя на тэлеканале "Беларусь 5".

Два клубы прэтэндуюць на золата і адразу чатыры на бронзу. Такія вынікі перадапошняга тура чэмпіянату Беларусі па футболе. Барысаўскі БАТЭ ўчора разбіў "Белшыну" - 5:0, дубль аформіў Максім Скавыш, і захаваў першае месца турнірнай табліцы. Бабруйчане ж пакідаюць Вышэйшую лігу.

У бале ад барысаўчан салігорскі "Шахцёр". У выпадку няўдачы ў Брэсце "гарнякі" пазбавіліся б шанцаў на першае месца. Але гэтага не адбылося - клуб Рамана Грыгарчука ўтрымаў пераможны лік у матчы з "Рухам", 2:1. У заключным туры "Шахцёр" прыме "Мінск", БАТЭ ж чакае выязная гульня са сталічным "Дынама". На трэцім радку застаецца "Нёман", але таксама 53 балы ў "Тарпеда-БелАЗ", захоўваюць шанц падняцца на п'едэстал і два дынамаўскія калектывы.

На гэтым тыдні сезон у Кубку свету пачне зборная Беларусі па біятлоне. У суботу ў фінскім Кантыялахці адбудзецца першы этап, які ў першай частцы будзе складацца з дзвюх індывідуальных гонак і двух спрынтаў. "Беларусь 5" пакажа біятлон у маскімальным аб’ёме.