Рубрыка "Матчбол"

22 октября 2018

Арына Сабаленка, паводле версіі Міжнароднай тэніснай асацыяцыі, прызнана "Навічком года". Лепшых у кожнай намінацыі назвалі ў пятніцу ў Сінгапуры. Дзве перамогі на турнірах у Кітаі і ЗША дазволілі Сабаленцы заваяваць гэты прэстыжны тытул.

Дарэчы, сёння ў адноўленым рэйтынгу ВТА Арына паднялася на 12 месца! Больш падрабязна - Станіслаў Ліпскі.

Пачнём з футбола: сталічнае “Дынама” нечакана страчвае ачкі ў 25-ым туры чэмпіянату краіны, бела-сінія тройчы вялі ў ліку ў паядынку супраць футбольнага клуба “Мінск”, аднак у гэтым матчы згулялі ўнічыю.

Нігерыйскі нападаючы Фатаі адзначыўся хет-трыкам, аднак абарона дружыны Сяргея Гурэнкі ў адрозненне ад атакі згуляла дыяметральна процілегла, чым і застаўся незадаволены галоўны трэнер “Дынама”. Вынік паядынку 3:3.

А вось лідар чэмпіянату БАТЭ ачкі не страчвае, 3:2 жоўта-сінія ў складаным паядынку ўсё ж перамагаюць дома “Гарадзею”. Прэтэндэнты на медалі таксама сінхронна перамагаюць: салігорскі “Шахцёр” 2:0 мацнейшы за “Нёман”, а "Віцебск" 3:1 - за "Днепр".

У цэнтральнай сустрэчы 26-га тура сталічнае “Дынама” згуляе супраць брэсцкага, пачатак гульні ў 17:00.

І калі футбольнае “Дынама” працягвае барацьбу за перамогу ў чэмпіянаце, у хакеістаў сітуацыя супрацьлеглая – “зубры” зараз знаходзяцца на апошнім месцы Заходняй канферэнцыі КХЛ.

8 паражэнняў запар у пасіве мінчан, пасля 19 матчаў каманда заваявала ўсяго 11 балаў, становішча, мякка кажучы, непрыемнае. У дадатак бела-сінія ў суботу без варыянтаў разгромна ўступаюць апошняй камандзе чэмпіянату "Сібіры" 0:6. Выправіць становішча будзе складана, аднак кіраўніцтва мінчан усё ж давярае галоўнаму трэнеру Гордзі Дуаеру. Гэтымі хвілінамі “зубры” сустракаюцца з “Барысам”.

Дададзім, заўтра пасаду генеральнага дырэктара “Дынама” пакідае Анатоль Курылец. “Аднак звязана гэта выключна з асабістай ініцыятывай кіраўніка, а не з вынікамі каманды”, - падкрэслівае афіцыйны сайт сталічнага клуба.

Валейбалісткі сталічнай “Мінчанкі” завяршылі выступленне ў розыгрышы Кубка Расіі. Два пройгрышы - спачатку “Енісею” – 2:3, а потым і “Зарэчча-Адзінцова” 0:3 - не дазволілі камандзе Віктара Ганчарова трапіць далей. Нагадаем, у гэтым сезоне “Мінчанка” выступіць у Суперлізе Расіі.

На гэтым тыднi працягваем сачыць за хакейным “Дынама” ў КХЛ, у чацвер БАТЭ ў Лізе Еўропы ў Лондане згуляе супраць “Чэлсі”, у пятніцу мужчынская зборная Беларусі па тэнісе ў Кубку Дэвіса пачне сустрэчу супраць “Славакіі”, усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.