Рубрыка "Матчбол"

22 января 2018

У сталічнага «Дынама» на «Мінск-Арэне» застаюцца ўсяго чатыры матчы ў рэгулярным сезоне КХЛ. Сёння «зубры» сустракаюцца з «Адміралам» з Уладзівастока. Шанцы на выхад ў плэй-оф застаюцца. А вось пра тое, што ўжо адбылося, рубрыка «Матчбол».

Бліскуча выступіла Дар'я Домрачава на апошнім старце перад Алімпійскімі гульнямі ў Паўднёвай Карэі. На этапе Кубка свету ў Італіі беларуска заваявала золата і бронзу.

Першай Дар'я стала ў нядзелю ў масстарце. Перамога атрымалася складанай. Пасля першай стралковай сесіі Домрачава займала толькі 19 месца. Аднак адсутнасць памылак далей па дыстанцыі дазволіла трохразовай алімпійскай чэмпіёнцы выйсці на лідзіруючую пазіцыю і ўтрымаць яе да фінішу.

Гэтая ўзнагарода стала другой для Дар'і ў Антхольцы, у суботу беларуска была трэцяй у гонцы праследавання. Такім чынам, Домрачава зараз займае пятае месца ў агульным заліку Кубка свету, што аўтаматычна дазваляе ёй выступіць на Алімпіядзе ў Пхёнчхане ва ўсіх дысцыплінах. Дарэчы, галоўны старт чатырохгоддзя стартуе 9 лютага.

Выдатнымі навінамі ў гэтыя дні нас радуюць і фрыстайлісты. Адразу два сярэбраныя медалі заваявалі беларусы на этапе Кубка свету ў амерыканскім Лейк-Плэсідзе.

Антон Кушнір і Ганна Гуськова з узнагародамі. Беларуса абышоў толькі расіянін Максім Бураў, які ў выніку святкаваў перамогу і ў агульным заліку спаборніцтваў. Кушнір у генеральнай класіфікацыі трэці з адставаннем у 35 ачкоў. А вось Гуськовай крыху

не пашанцавала атрымаць агульную перамогу ў Кубку свету. Пасля другога месца ў суботу Ганна ў нядзелю заняла чацвёртае і ўсё ж прапусціла наперад кітаянку Ксю Ментаа, якой не было роўных напярэдадні. Аднак, такія вынікі дазваляюць айчынным аматарам спорту з надзеяй чакаць Гульні ў Паўднёвай Карэі.

70-годдзе святкуе сталічнае хакейнае “Дынама” ў гэтыя дні, з чым рубрыка “Матчбол” і віншуе “зуброў”. Дарэчы, фантастычным атрымаўся паядынак на адкрытым паветры паміж мінчанамі і рыжанамі напярэдадні ў сталіцы Латвіі. Беларусы саступалі 0:2, аднак здолелі атрымаць вікторыю 3:2. "Зубры" з 67 ачкамі займаюць дзясятае месца ў табліцы Заходняй канферэнцыі і пакуль не страцілі шанцы выступіць у плэй-оф. Каб яны захаваліся сёння, трэба перамагаць на “Мінск-Арэне” “Адмірал”. Пачатак гульні у 19:30. Паспець на трыбуны спарткомплексу яшчэ можна.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам Еўропы па гандболе. Сёння Беларусь сустрэнецца са Швецыяй, у чацвер стартуе чэмпіянат Еўропы па біятлоне, а у нядзелю падтрымліваем сталічных “Цмокаў”. Яны згуляюць супраць ВЭФа з Латвіі.

Усё гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.

Любіце спорт!