Рубрыка "Матчбол"

21 мая 2018

Брэсцкае "Дынама" - з кубкам краіны. Барысаўскі БАТЭ - ні з чым. Чэмпіёны Беларусі зноў прайгралі камандзе з захаду краіны ў барацьбе за трафей. Тым не менш, у чэмпіянаце жоўта-блакітныя ўвогуле нікому пакуль не прайгралі. Футбол - адна з тэм сённяшняй рубрыкі "Матчбол".

Расказвае Андрэй Казлоў.

Самы яскравы матч сезона ў беларускім футболе адбыўся ў Магілёве. У фінале Кубка Беларусі сустрэліся клубы, супрацьстаянне якіх у гэтым годзе стала найбольш прынцыповым. БАТЭ і "Дынама" з Брэста. Што з вынікам - далей у “Матчболе”.

Гэтую гульню спецыялісты ўжо паспяшаліся назваць самай яскравай у беларускім футболе ў сезоне-2018. Спачатку здавалася, што на гэты раз перамога будзе за чэмпіёнамі краіны (нагадаем, на пачатку вясны брэстчане абыгралі барысаўчан у матчы за Суперкубак). Падзеі на футбольным полі таксама былі спачатку на карысць жоўта-блакітных. Мірка Іваніч забіў двойчы.

Пры ліку 2:1 Брэст робіць лічбы на табло роўнымі, 2:2. А на самым фінішы матча праводзіць яскравую контратаку. 3:2.

“Стайкі”, Мінскі раён. Прайшло два дні з таго моманту, як БАТЭ саступіў у матчы за Кубак краіны. Найбліжэйшы сапернік барысаўчан у чэмпіянаце краіны - мінскае "Дынама" - рыхтуецца да самага прынцыповага беларускага супрацьстаяння. У сераду на стадыёне “Трактар” адбудзецца матч, які называюць "беларускай класікай футбола".

А цяпер “Чыжоўка-Арэна”... Менавіта напрыканцы вясны пачынаецца валейбольны сезон для нацыянальных каманд. Мы памятаем выступленне “Мінчанкі” ў еўракубках, нашы дзяўчаты дабраліся да фіналу. Зараз у нашым аб'ектыве - жаночая і мужчынская зборныя Беларусі.

Летні сезон нацыянальных зборных адкрыла наша жаночая каманда. Дзяўчаты, якімі кіруе Пётр Хілько, у Славакіі перамаглі мясцовую каманду, 3:2.

Праз дзень - ужо на хатняй пляцоўцы - у Еўралізе распачалі свой шлях мужчыны. Яшчэ пасля апошняй трэніроўкі перад гульнёй галоўны трэнер зборнай Віктар Бекша адзначыў, што да матчаў кваліфікацыі на чэмпіянат Еўропы, якія адбудуцца ў жніўні, каманду ўзмоцняць зоркі валейбола - Алег Ахрэм і Сяргей Антановіч.

Стартавы матч у Еўралізе стаў пераможным, але не такім простым. У кожным сэце албанцы навязвалі нашай камандзе цяжкую барацьбу. Але ўсё ж клас нашай зборнай стаў ключавым. 3:0.

Працягнем падтрымліваць нашы валейбольныя зборныя ў матчах Еўралігі. У сераду і суботу “Чыжоўка-Арэна” зноў прыме матчы з удзелам нашых нацыянальных каманд. Будзе вельмі цікава.