Рубрыка "Матчбол"

5 апреля 2021

Першыя тры туры чэмпіянату Беларусі па футболе адбыліся, і ўжо вымалёўваюцца лідары Вышэйшай лігі. Стопрацэнтны вынік у cалігорскага «Шахцёра». Прыемна, што ў ліку першых - прадстаўнікі Мінскага рэгіёна. У нашым спартыўным аглядзе звернем увагу як на футбол, так і на не менш цікавыя падзеі мінулага тыдня.

Прывітанне, сябры! Так шмат спорту было на мінулым тыдні, што ў фармаце пераліку мы не зможам усе падзеі ўмясціць у нашу традыцыйную рубрыку "Матчбол". Але не мінём галоўнага. І пачнём з падзей для аматараў здаровага ладу жыцця.

Размова ідзе пра забег па лясной перасечанай мясцовасці, які мы ведаем пад назвай Bison Trail. Гарналыжны цэнтр у Сілічах і пасля завяршэння зімовага сезона не прыпыняе працу, і яго няпростыя схілы становяцца цяжкімі практыкаваннямі для бегуноў. Толькі некалькі метраў пад адкрытым небам, а потым выключна па густым лагойскім лесе. Хто дабег да фінішу - па традыцыі ўжо з’яўляецца пераможцам. Перш за ўсё - пераможцам над сабой.

Адзначым, што першымі на дыстанцыю выходзілі малодшыя ўдзельнікі. І вы можаце заўважыць, што іх азарт не саступаў запалу дарослых бегуноў. Многія з гэтых падлеткаў пачалі менавіта такім чынам бавіць свой час, гледзячы на сваіх бацькоў.

У футбольным першынстве валявая перамога над “Гомелем” дазваляе БАТЭ падняцца на трэцяе месца ў чэмпіянаце Беларусі. Легіянер з Узбекістана Шахбоз Умараў, які выйшаў на замену ў другім тайме, у выніку прадвызначыў канец сустрэчы, аформіўшы дубль за 2 хвіліны – 3:2. У барысаўчан - 7 балаў у актыве. А галоўны трэнер жоўта-блакітных Віталь Жукоўскі адчуў настальгію па вяртанні на барысаўскі стадыён "Гарадскі".

Цікавыя падзеі адбываюцца ў хакейнай Экстралізе, аднак балельшчыкі Гомеля куды больш чакаюць ад свайго клуба, які ў плэй-оф ужо паказваў сенсацыйны вынік. У суботу сталічнае “Юнацтва” павяло ўжо 2:0 у фінальнай серыі Кубка Прэзідэнта. І зноў дабіліся буйной вікторыі. Спачатку – 3:0, а ў другім матчы – 5:1. Дубль у актыве Аляксандра Кітарава.

Залатая серыя пераязджае ў Гомель - трэці паядынак фінальнага супрацьстаяння пройдзе ўжо заўтра, 6 красавіка.

Напрыканцы “Матчбола” - пераможныя эмоцыі ў выкананні валейбалістаў салігорскага “Шахцёра”, якія сталі пяціразовымі чэмпіёнамі Беларусі. Працуйце над сабой, будзьце лепшымі ў сваёй справе, і вынікі не прымусяць сябе шмат чакаць. “Матчбол” выйдзе ў эфір навін рэгіёна праз тыдзень.