Рубрыка "Матчбол"

16 ноября 2020

Чарговая перамога зборнай Беларусі па футболе ў Лізе нацый, феерычнае выступленне мінскага "Дынама", перамога Арыны Сабаленкі ў Аўстрыі і новыя рэкорды ад Ільі Шымановіча ў Будапешце.

Навіны са спартыўных пляцовак у нашай традыцыйнай рубрыцы "Матчбол".

Расказвае Аляксандр Якубоўскі.

Зборная Беларусі па футболе перамагае другую гульню запар у Лізе нацый С і за тур да фінішу розыгрышу ўзначальвае сваю групу. На сталічнам стадыёне "Дынама" "белыя крылы" адолелі каманду Літвы. Ужо да 20-й хвіліны гаспадары вялі 2:0, на пятай лік адкрыў Яўген Яблонскі, падвоіў перавагу Макс Эбонг.

Дарэчы, пераможцамі свайго квартэта беларусы мелі шанц стаць учора. Але для гэтага трэба было, каб у паралельным матчы Казахстан на выездзе не саступіў Албаніі. Аднак тут "горныя арлы" былі мацнейшыя і па-ранейшаму ў турнірнай табліцы адстаюць ад Беларусі на 2 ачкі.

Вырашальная гульня за першы радок квартэта пад нумарам чатыры - 18 лістапада. Каманда Міхаіла Мархеля будзе гасціць у Албаніі, і нам хопіць нават нічыйнага выніку, каб застацца ў лідарах.

Шэсць ачкоў з шасці магчымых! Мінскае "Дынама" перамагае ва ўсіх трох гульнях далёкаўсходняга турнэ. Спачатку "зубры" буйна перамаглі "Сібір" – 6:0, пасля забадалі “тыграў” з "Амура" - 2:1. І ў апошняй гульні выязной серыі пабілі "Барыс" у Казахстане – 4:1. За тры гульні наш клуб закінуў 12 шайб, прапушчаны толькі 2. Добры вынік дазваляе мінчанам зараз знаходзіцца на 4 месцы Заходняй канферэнцыі.

А гэта трэці трыумф у сезоне для Арыны Сабаленкі. Беларуска стала лепшай на турніры ў аўстрыйскім Лінцы. У фінале спаборніцтваў Сабаленка сустракалася з партнёркай па парным разрадзе - бельгійкай Эліз Мэртанс. Арыну называлі галоўнай фаварыткай мясцовых спаборніцтваў, яна атрымала першы нумар пасеву і высокі статус пацвердзіла - 7:5, 6:2. Вiкторыя ў Лінцы дазваляе Сабаленцы вярнуцца ў топ-дзясятку сусветнага рэйтынгу. Яна заваявала 280 ачкоў і прыемнае дапаўненне - 20 тысяч долараў прызавых.

Яшчэ адзін мінчанін - Ілья Шымановіч - на мінулым тыдні выступаў у Будапешце на Міжнароднай лізе плавання. І ўстанавіў некалькі рэкордаў Беларусі. Апошні з іх - на 100-метроўцы брасам – 55,69 секунды - вынік беларуса. Ілья стаў другім у заплыве, пераможца - легендарны брытанец Адам Піці аднавіў сусветнае дасягненне, на дваццаць сотых секунды ён быў хутчэйшы за Шымановіча. Дарэчы, Міжнародная ліга плавання - клубныя спаборніцтвы. Ілья выступае за французскі калектыў Energy Standard, тут і наша Анастасія Шкурдай.

І пакуль менавіта гэта каманда ў лідарах, апошні этап пройдзе ў нядзелю, за трансляцыяй сачыце на "Беларусь 5". Таксама не прапусціце важную гульню для футбольнай зборнай у Албаніі ў сераду і хатнюю серыю мінскага "Дынама" ў КХЛ. У чацвер на "Мінск-Арэне" чакаем "Сочы", у суботу - ЦСКА. Вынікі будзем падводзіць праз тыдзень, да сустрэчы.