Рубрыка "Матчбол"

31 августа 2020
Мінскае "Дынама" прымае віншаванні. Каманда стала ўладальнікам Кубка Руслана Салея - перамагла  ў фінальным паядынку сталічнае "Юнацтва" з лікам 3:0. Такім чынам "зубры" працягваюць рыхтавацца да пачатку сезона Кантынентальнай  хакейнай  лігі. Пра іншыя падзеі ў беларускім спорце  рубрыка "Матчбол".

Расказвае Андрэй Казлоў.

Сёння выпуск “Матчбола” пачынаем з вельмі яскравай перамогі беларускага спорту. Маладзёжная зборная Беларусі па валейболе пад кіраўніцтвам Вольгі Пальчэўскай стала бронзавым прызёрам чэмпіянату Еўропы.

Вынік нашай жаночай каманды  - безумоўны поспех. Канкурэнцыя сярод еўрапейскіх зборных вельмі высокая, у тым ліку на маладзёжным узроўні. У матчы за 3-яе месца беларускі фактычна не пакінулі шанцаў аднагодкам з Францыі, выйграўшы па сэтах  3:1. Самай выніковай у нашай камандзе стала Ксенія Лябёдкіна, якая правяла 19 выніковых атак. Заўтра наша бронзавая зборная днём вяртаецца ў Мінск. 

У перанесеным матчы 9-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе сенсацыя. Гродзенскі "Нёман" саступае ў выязным матчы футбольнаму клубу "Мінск" і ўскладняе сабе турнірнае становішча ў чэмпіянаце краіны. У суботу камандзе Ігара Кавалевіча на стадыёне "Трактар" не ўдалося перавярнуць ход гульні. У выпадку поспеху гродзенцы маглі скараціць адставанне ад лідараў чэмпіянату - салігорскага “Шахцёра” і барысаўскага БАТЭ. Аднак вынік - паражэнне 3:4. Вызначыў галявы дубль Антона Шрамчанкі. 

“Нёман” захоўвае трэцяе месца ў турнірнай табліцы чэмпіянату. У актыве 38 балаў. Мінск на 12-м радку. 

Матчам за Суперкубак у Магілёве адкрыўся чарговы сезон у беларускім міні-футболе. Першы трафей разыгралі дзеючы чэмпіён  - аршанскі “Вітэн”  і ўладальнік Кубка краіны гомельскі клуб БЧ.  Перамогу святкавалі футбалісты з Оршы - 3:2. 32-гі па ліку чэмпіянат Беларусі па міні-футболе стартуе на гэтым тыдні. 

Выдатная навіна ў беларускім тэнісе. Вікторыя Азаранка паднялася на 27-ае месца ў рэйгынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі. На мінулым тыдні беларуска, якая з’яўляецца экс першай ракеткай свету, займала 59-ае месца ў сусветным рэйтынгу, а пасля перамогі на турніры катэгорыі "Прэм’ер" у Нью-Ёрку  паднялася адразу на 32 пазіцыі, маючы ў сваім актыве 1 832 балы. Арына Сабаленка, якая завяршыла выступленне ў Нью-Ёрку на стадыі 1/8 фіналу, захвала 11-ую пазіцыю. Аляксандра Сасновіч на 106-м месцы. Вольга Гаварцова  130-ая. 

І напрыканцы “Матчбола” нагадаем, што сёння адбудзецца фінал жаночага Кубка Беларусі па футболе, у якім сустрэнуцца  дзяўчаты  з мінскага “Дынама” і шматразовы ўладальнік  - футбалісткі “Мінска”. Сустрэчу прымае нацыянальны стадыён “Дынама”. Уваход  свабодны, і пачатак ужо хутка - а 19-й гадзіне.