Рубрыка "Матчбол"

18 мая 2020
Фінал Кубка Беларусі па футболе - цэнтральная спартыўная падзея гэтага тыдня.  У нядзелю дзеючы чэмпіён краіны "Дынама-Брэст" у Мінску згуляе супраць барысаўскага БАТЭ. Білеты ў продажы, пачатак гульні а 17-й гадзіне. А вось агляд спартыўных падзей, якія адбыліся, прапануе ў "Матчболе" Станіслаў Ліпскі.

БАТЭ, нарэшце, лідар чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. У суботу барысаўчане перамаглі "Слуцк" і на адзін бал апярэдзілі "Тарпеда". А вось дзеючы чэмпіён сенсацыйна саступіў...

Адбылося гэта ў Маладзечне. Менавіта тут пакуль "Энергетык-БДУ" будзе праводзіць хатнія гульні чэмпіянату. “Студэнты” не спалохаліся аўтарытэту гасцей, упэўнена супрацьстаялі дынамаўцам - больш за тое адкрылі лік напачатку другога тайма,  зноў адзначыліся і давялі справу да перамогі 2:1. Гол прэстыжу на апошніх секундах сустрэчы забіў Сяргей Кісляк.

А вось яшчэ адзін прэтэндэнт на залатыя медалі першынства - БАТЭ - у сустрэчы лідараў чэмпіянату  на "Барысаў-Арэне" не пакінуў шанцаў амбіцыйнаму "Слуцку" -  3:0. Дзякуючы гэтай вікторыі жоўта-сінія выйшлі на чыстае першае месца. "Слуцк"  чацвёрты.

А вось на другой пазіцыі "Тарпеда-БелАЗ". Пад кіраўніцтвам Юрыя Пунтуса “аўтазаводцы” ў пятніцу перамаглі "Гарадзею" 3:1.

Адзначым складаную вікторыю мінскага "Дынама" на хатняй арэне. Бела-блакітныя перамаглі "Іслач" 1:0. Адзіны дакладны стрэл у актыве Івана Бахара.

Яшчэ адзін прадстаўнік цэнтральнага рэгіёна - "Шахцёр" -  у Салігорску ўпэўнена перамог "Славію" 2:0, “гарнякі” выйшлі на пятае месца ў турнірнай табліцы.

ГК "Гомель" - чэмпіён Беларусі сярод жаночых каманд. У вырашальным паядынку дружына з горада на Сожам перамагла БНТУ-БелАЗ.

У сераду каманды сустракаліся ў Мінску: перамога сталічных дзяўчат 31:30 падарыла шанц БНТУ  заваяваць тытул чэмпіёнаў. Для гэтага сталічнай дружыне напярэдадні неабходна было перамагаць гамяльчанак на выезде - не атрымалася. 27:29 мінчанкі саступілі. Гомель  чацвёрты раз у сваёй гісторыі заваяваў залатыя медалі першынства.

Пры гэтым адзначым: лепшым бамбардзірам чэмпіянату стала менавіта прадстаўнік БНТУ-БелАЗ Рэгіна Кудраўцава. На яе рахунку 180 дакладных стрэлаў у 25 гульнях. Бронзавыя медалі ў гэтым годзе ў "Гараднічанкі".

На гэтым тыдні ўся ўвага футболу: ужо ў сераду стартуе дзясяты тур чэмпіянату краіны. У  цэнтральнай гульні "Дынама" ў Брэсце сустрэнецца з БАТЭ. А ў нядзелю гэтыя ж каманды паспрачаюцца за Кубак Беларусі на сталічным стадыёне "Дынама". Безумоўна, тэлеканал "Беларусь 5" гульню пакажа ў прамым эфіры. На гэтым ўсё. Любіце спорт!