Мінчанка Вікторыя Азаранка на мінулым тыдні стала галоўным хэдлайнерам беларускага спорту на планеце. Беларуска выйшла ў фінал турніру Вялікага шлема ў Нью-Ёрку і нагадала ўсім балельшчыкам, што зноў вяртаецца на былы ўзровень гульні, калі яна была першай ракеткай свету. У "Матчболе" сёння не толькі навіны тэніса. Пачнём з футбола і хакея.
Па традыцыі ў панядзелак у рубрыцы "Матчбол" падводзім вынікі тура футбольнага чэмпіянату краіны. Камандам засталося згуляць сем тураў, а клубаў, якія прэтэндуюць на залатыя медалі, адразу некалькі.
Шанц перапыніць няўдалую серыю быў у футбольнага мінскага "Дынама". Крызіс бела-сініх зацягнуўся. Сталічны клуб вылецеў з Лігі Еўропы і прайграў у Кубку Беларусі "Крумкачам" з другога дывізіёна. Рэабілітавацца "мінчане" павінны былі ў матчы 23-га тура чэмпіянату краіны. Каманда Леаніда Кучука сустракалася дома з аднаклубнікамі з Брэста. У выніку валявая вікторыя брэсцкага "Дынама" - 4:2.
Адзін з лідараў чэмпіянату - барысаўскі БАТЭ - прымаў на сваім полі аўтсайдара лігі - "Смалявічы". Жоўта-сінія атрымалі перамогу з буйным лікам - 5:2. У барысаўчан па дублі аформілі Скавыш і Вілюмсан, яшчэ адзін мяч забіў Філіповіч.
Салігорскі "Шахцёр" дэбютаваў пры новым трэнерскім штабе. Цяпер каманду ўзначальвае ўкраінец Раман Грыгарчук. "Гарнякі" ўпэўнена абыгралі "Віцебск" - 5:0. Такім чынам, інтрыга ў чэмпіянаце захоўваецца. І ў "Шахцёра", і ў БАТЭ па 46 балаў. "Нёман" на трэцім радку турнірнай табліцы. Адставанне - 5 пунктаў. "Гарадзенцы" на выездзе сёння мацнейшыя за "Рух" - 3:2.
Мінскае "Юнацтва" працягвае ісці без страт у Экстралізе А, чаго не скажаш пра гродзенскі "Нёман". Сёння каманды сустракаліся на лёдзе "Чыжоўка-Арэны". Пяць шайб без адказу закінулі "сталічныя мядзведзі" ў вароты Гарадзецкага. У складзе гаспадароў дэбютаваў адзін з самых яркіх беларусаў у CHL мінулага сезона Яўген Аксянцюк. Праўда, яму адзначыцца бамбардзірскімі баламі не ўдалося. Клуб Аляксандра Макрыцкага ўзначальвае турнірную табліцу чэмпіянату - 3 матчы, 3 перамогі, 9 балаў у актыве. А "Нёман", які пацярпеў паражэнне ва ўсіх трох гульнях, на апошнім месцы. "Гарадзенцы" закінулі менш за ўсіх і больш за ўсіх прапусцілі.
Вікторыя Азаранка спынілася за крок ад доўгачаканага тытула на турнірах Вялікага шлема. У фінале Адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе беларуска змагалася супраць японкі Наомі Осакі. Вікторыя стартавала жвава, выйграла першы сэт 6:1. Аднак затым пераможца US Open 2018 года ўзяла гульню пад свой кантроль і атрымала перамогу ў двух наступных сэтах з аднолькавым лікам 6:3. Тым не менш выступленне на амерыканскіх кортах лепшае для Азаранкі за апошнія гады. А ў абноўленым рэйтынгу беларуска сёння ўвайшла ў топ-10 тэнісістак планеты і стала першай ракеткай краіны.
Відавочна, Вікторыя Азаранка падарыла нам шмат эмоцый на тэнісных кортах. Будзем чакаць працяг на наступных турнірах. А на гэтым тыдні зноў звернем увагу на цікавую развязку на фінішы чэмпіянату па футболе і будем сачыць за выязной серыяй мінскага "Дынама" ў Кантынентальнай хакейнай лізе.
Рубрыка "Матчбол"
14 сентября 2020













