Рубрыка "Матчбол"

10 августа 2020
Сталічнае хакейнае "Дынама" першую гульню новага сезона КХЛ правядзе на "Мінск-Арэне" 3 верасня. Сапернік - фінскі "Ёкерыт". Расклад рэгулярнага чэмпіянату аб’явілі ў пятніцу. Спартыўную тэму прадоўжыць рубрыка "Матчбол".

Футбол ізноў у авангардзе спартыўных падзей. У цэнтральным паядынку 21-га тура чэмпіянату Беларусі салігорскі "Шахцёр" прымаў брэсцкае "Дынама".

Лідары сезона - "гарнякі" - перамаглі дзеючага чэмпіёна 1:0. Дзмітрый Падстрэлаў вызначыўся. Дзякуючы гэтай вікторыі "Шахцёр" ужо на 14 балаў апярэджвае брастаўчан. Салігорскі клуб сваю бяспройгрышную серыю павялічыў да 16 гульняў.

Барысаўскі БАТЭ таксама перамог у 21-м туры: жоўта-сінія 1:0 былі мацнейшыя за "Гарадзею". Максім Скавыш прынёс вікторыю барысаўчанам. БАТЭ на 3 балы адстае ад "Шахцёра".

А ўжо сёння: "Шахцёр" даведаўся аб сваім саперніку па першым раўндзе кваліфікацыі Лігі Еўропы. "Гарнякі" на хатняй арэне згуляюць супраць прадстаўніка Малдовы -  клуба "Сфынтул Георгэ", а мінскае "Дынама"  на гэтай стадыі спаборніцтваў сустрэнецца з польскім "Пястам". Нагадаем, сапернік брэсцкага "Дынама" па першым раўндзе Лігі чэмпіёнаў - "Астана". Гульня пройдзе 18 жніўня ў горадзе над Бугам.

У мінулы чацвер у нашай краіне афіцыйна стартаваў новы хакейны сезон. За Кубак Руслана Салея пазмагаюцца 16 каманд. 

На першым этапе турніру барацьбу павядуць 14 клубаў, падзеленых на дзве групы. Пуцёўкі ў Фінал чатырох дастануцца толькі дзвюм дружынам. Вырашальны раўнд Кубка Беларусі адбудзецца 29 і 30 жніўня. У першы дзень гэтай стадыі турніру пераможцы групавога раунда сустрэнуцца са сталічнымі "Юнацтвам" і "Дынама". На наступны дзень адбудуцца матчы за 3-яе месца і вырашальны паядынак. Стаў вядомы і каляндар новага сезона КХЛ. Сталічнае "Дынама" сваю першую гульню правядзе на хатняй арэне 3 верасня супраць "Ёкерыта". Завершыцца рэгулярны чэмпіянат 27 лютага.

На гэтым тыдні ўся ўвага футболу. У сераду Мінск сустрэнецца са "Смалявічамі", сталічнае "Дынама" згуляе супраць "Славіі" ў пятніцу. Паралельна сочым разам за Лігай Еўропы і Лігай чэмпіёнаў УЕФА. Зразумела, у прамым эфіры тэлеканала "Беларусь 5". Любіце спорт, і мы абавязкова ўбачымся!