Рубрыка "Матчбол"

7 декабря 2020

Усю ўвагу сённяшняму агляду ў рубрыцы "Матчбол" аддаём зімовым відам спорту - беларускія спартсмены на мінулым тыдні далі не адну прычыну парадавацца за іх. Біятланістка Дзінара Алімбекава праводзіць лепшы перыяд у кар’еры - і гэта, нягледзячы на алімпійскае золата. І хакеісты "Дынама" перамаглі адну з найлепшых каманд Кантынентальнай хакейнай лігі.

Біятлонны сезон з самага пачатку прыцягнуў аматараў гэтага віду спорту да экранаў тэлевізараў. Тым больш нашы спартсмены даюць нямала пазітыўных прычын, каб сачыць за імі амаль у кожнай гонцы. Перш за ўсё з поспехаў Дзінары Алімбекавай і яе лепшых вынікаў у кар’еры пачнём наш агляд.

Лепшы вынік у кар'еры ў асабістых гонках! Дзінара Алімбекава фінішавала чацвёртай у пасьюце, які закрываў праграму другога ў сезоне этапу Кубка свету па біятлоне. На дыстанцыю беларуска адправілася з адставаннем ад лідара 50 секунд. Але здолела скараціць. Пасля стральбы лежачы Дзінара і ўвогуле ішла на трэцяй пазіцыі, але пазмагацца за медаль беларусцы перашкодзілі два промахі - па адным на кожнай стральбе стоячы. А адпаведна два штрафныя кругі і лішнія 300 метраў. Алімбекавай прыйшлося пазмагацца і за чацвёртую пазіцыю, але ў спрэчцы са шведкай Скатхайм беларуска была хутчэйшай.

Гэты сезон для беларускай біятланісткі вельмі ўдалы. Што стала вынікам плённай працы не толькі самой страляючай лыжніцы, але і ўсяго трэнерского штаба. На старт трэцяга этапу Дзінара Алімбекава выйдзе ў звыклай для сябе сіняй майцы. Яе ўручаюць біятланістам, якія набралі ў агульным заліку Кубка свету найбольшую колькасць балаў сярод спартсменаў да 25 гадоў. У пагоні ж за Вялікім хрустальным глобусам Алімбекава становіцца 4-й.

З расійскім калегам, які працаваў на матчы маскоўскага ЦСКА і мінскага "Дынама", спрачацца і не хочацца. Сапраўды, армейская крэпасць была непрыступнай для "зуброў" у КХЛ - з такім саставам і такім бюджэтам - у фінансавым плане ў апошнія сезоны ў ЦСКА ўсё вельмі добра.

Удалы пачатак матча, калі "дынамаўцы" закінулі тройчы, змяніўся цяжкім ходам гульні, і ЦСКА змог двойчы трапіць у вароты Фурха. І нават калі паглядзець на статыстычныя паказчыкі, то па колькасці кідкоў гаспадары прыкметна нас пераўзышлі, 63:43. То па пападанні ў сектар да фінальнай сірэны наперадзе былі "зубры", 28:27. Апошні кідок здарыўся ў пустыя вароты.

4:2 - перамога мінскага "Дынама", якую можна смела назваць сенсацыйнай. Ужо ў кулуарах арэны Крэйг Вудкрафт дзякаваў сваім хакеістам, ну а тыя, вядома, не забыліся, што ў коўча менавіта 3 снежня быў дзень нараджэння, і абаронца Дзмітрый Знахарэнка паднёс настаўніку такі падарунак.

На імгненне здалося, што нават разбілі нос Вудкрафту, але гэта было вішнёвае варэнне. Лепшым гульцом прызналі не Фурха, а Фалькоўскага, аўтара трэцяй шайбы, і яшчэ доўга святкавалі гістарычны поспех.

Мінскае "Дынама" ненадоўга вернецца дадому і 9 снежня згуляе супраць маскоўскіх аднаклубнікаў. Безумоўна, "Беларусь 5" пакажа сустрэчу ў прамым эфіры. Пачатак у 19:20.