Рубрыка "Матчбол"

7 октября 2019

Мінскае "Дынама" ў   Кантынентальнай   хакейнай   лізе   саступае казанскаму "Ак Барсу" з лікам 2:4. Але усё роўна знаходзіцца на высокім, шостым месцы. "Зубры"  гэтымі днямі рыхтуюцца да выязной серыі па маршруце Рыга  - Хельсінкі - Падольск. Агляд гэтых і іншых   значных   падзей спорту падрыхтаваў   Андрэй Казлоў.

Чэмпіянат свету па лёгкай атлетыцы стаў для беларусаў  не такім яскравым, як  мы таго жадалі, але ўсё роўна цікавым для нашага спорту. Адзначым, безумоўна,  чацвёртае месца скакуна ў вышыню Максіма Недасекава. Нашага атлета, які толькі на пачатку свайго спартыўнага шляху, мы і сустрэлі ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

Вельмі задаволены чацвёртым месцам на чэмпіянаце свету ў Катары і ўпэўнены, што ў хуткім часе зможа палепшыць вынік. Пасля  вяртання ў Мінск 21-гадовы Максім Недасекаў прызнаўся, што сезон у эмацыйным плане атрымаўся звышнапружаным.

Акрамя перамогі на дамашніх II Еўрапейскіх гульнях у чэрвені, ён выходзіў на пік магчымасцяў да маладзёжнага чэмпіянату Еўропы і да вельмі статуснай матчавай сустрэчы Еўропа  -  ЗША, дзе ўсталяваў рэкорд сезона. Але нават спыніўшыся за межамі п'едэстала ў Катары лічыць чэмпіянат свету для сябе сапраўды паспяховым.

У найбліжэйшых планах рэкардсмена - аднавіцца перш за ўсё маральна і пачаць мэтанакіраваную падрыхтоўку да летніх Алімпійскіх гульняў у Японіі.

Ну а завяршыла выступленне зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы ў Катары Анастасія Мірончык-Іванова. Яна спаборнічала ў скачках у даўжыню і адзін час ішла ў групе лідараў. У выніковым пратаколе беларуска замкнула топ-5 спартсменак. Адзначым таксама, што Мірончык-Іванова паўтарыла лепшы вынік сезона, скокнуўшы на адзнаку 6 метраў 76 сантыметраў.  Эльвіра Герман у бегу з бар'ерамі спынілася за  адзін крок ад фінальнай васьмёркі.

Вельмі значная валейбольная падзея адбылася ў Салігорску. Мясцовы "Шахцёр" у матчы за Суперкубак краіны прымаў мінскі "Будаўнік". 

Салігорскі "Шахцёр" упершыню прымае матч за Суперкубак Беларусі па валейболе, а мясцовы "Шахцёр" зноў бярэ трафей. Адкрыццё валейбольнага сезона атрымалася яркім. Сустрэча паміж "гарнякамі" і мінскім "Будаўніком" адбылася ў Лядовым палацы і прайшла ў добрым антуражы. Заўзятары сталі адным з фактараў перамогі гаспадароў пляцоўкі -  3:1. "Шахцёр" выйграў трафей другі раз запар. Першы ж тытул у 2017 годзе  быў у актыве "Будаўніка".

У пасляматчавым інтэрв'ю настаўнік "Шахцёра" адзначыў, што пакідае пасаду галоўнага трэнера мужчынскай зборнай Беларусі. На чэмпіянаце Еўропы па валейболе, які прайшоў у верасні, зборная Беларусі заняла 22 месца з 24  каманд. У пяці матчах групавога этапа была здабыта толькі адна перамога.

Ну а зараз надыходзіць час нацыянальных зборных па футболе ў кваліфікацыі на чэмпіянаце Еўропы. І мы з прыемным чаканнем рыхтуемся да працы на гульнях каманды Беларусі на стадыёне "Дынама". У чацвер прымаем Эстонію, а ў нядзелю   - каманду Галандыі. Абавязкова прыходзьце! Лепшыя беларускія футбалісты будуць змагацца за перамогу.