Рубрыка "Матчбол"

7 мая 2018

Зборная Беларусі вязе 10 узнагарод з чэмпіянату Еўропы, які прымаў расійскі Каспійск, нацыянальная каманда па хакеі між тым няўдала стартавала на планетарным форуме ў Даніі, а "Дынама-Мінск" дзеліць лік з салігорскім "Шахцёрам" у цэнтральным матчы 6-га тура першынства Беларусі па футболе. Усе падрабязнасці - у нашай рубрыцы "Матчбол".

Расказвае Аляксандр Якубоўскі.

Беларускія барцы трыумфальна выступілі на чэмпіянаце Еўропы ў расійскім Каспійску. Наша зборная - на 6 месцы ў агульнакамандным заліку. 10 узнагарод - 1 золата, 4 сярэбраныя і 5 бронзавых медалёў. А жаночая каманда і ўвогуле стала другой. Нядзіўна, бо на першую ступень п'едэстала паднялася Ірына Курачкіна.

За крок ад золата спыніліся Ванеса Каладзінская, Анастасія Зімянкова, Аляксандр Гуштын і Віктар Сасуноўскі.

Мінскае "Дынама" вяртаецца на дамашні стадыён "Трактар" і дзеліць ачкі з салігорскім "Шахцёрам". Цэнтральны матч 6 тура скончыўся без галоў. "Бела-блакітныя" захавалі другое месца ў турнірнай табліцы.

БАТЭ працягвае лідзіраваць. Свой матч 6-га тура барысаўчане правядуць сёння супраць "Дняпра" ў Магілёве. Прамая трансляцыя ў 19:25 на тэлеканале "Беларусь 5".

Саступілі не толькі шведам, але і французам. Зборная Беларусі па хакеі прайграла дзве сустрэчы групавога этапу на чэмпіянаце свету ў Даніі. І калі ў першым матчы мы саступілі дзеючым пераможцам турніру - шведам - без шанцаў (0:5), то аматары нашай каманды не чакалі такой несамавітай гульні супраць французаў. Трохкаляровыя былі мацнейшыя - 6:2.

Дэйв Льюіс, галоўны трэнер зборнай Беларусі па хакеі: "Хакеісты заўсёды павінны быць сфакусаваны на гульнявым заданні, не стамляемся ім гэта паўтараць. Але сёння даволі хутка стала праяўляцца расфакусаванасць. Сталі губляцца пад французскім прэсінгам. Цяпер сваю ролю павінны адыграць нашы лідары. Не толькі на лёдзе, але і па-за яго межамі. Каб каманда засталася, так сказаць, у адной лодцы".

Зараз беларусы - адзіная каманда ў групе А, якая не набрала ачкоў. У васьмёрцы В ёсць яшчэ адзін калектыў, які пакуль толькі прайграе - гэта Паўднёвая Карэя.

Зараз беларускай зборнай складана думаць аб выхадзе ў плэй-оф, задача - захаваць месца ў элітным дывізіёне. Усе гульні з удзелам нашай каманды трансліруе тэлеканал «Беларусь 1» у прамым эфіры. Сёння ў 17:10 пачнецца сустрэча з Расіяй. Пакуль сапернік закінуў 14 шайб у двух матчах і не прапусціў ніводнага разу.

Да падзей у Даніі і не толькі вернемся ў наступны панядзелак.