Рубрыка "Матчбол"

26 марта 2018

Баскетбалісты сталічных "Цмокаў" саступаюць у чарговым матчы Адзінай Лігі ВТБ і, на жаль, пакуль пакідаюць зону плэй-оф турніру. А вось біятланісты напярэдадні завяршылі сезон: Дар'я Домрачава перамагла ў апошняй гонцы сезона. Апошнія спартыўныя навіны - у рубрыцы "Матчбол".

Удзелу ўсяго ў адной гонцы не хапіла Дар’і Домрачавай, каб заваяваць Вялікі хрустальны глобус па выніках сезона. 18 балаў у агульным заліку прайграла беларуска пераможніцы Кайсе Макарайнен, аднак апошні этап спаборніцтваў усё роўна атрымаўся бліскучым для Дашы.

Перамога ў спрынце, чацвёртае месца ў праследаванні і зноў трыумф у мас-старце. Дзве вікторыі на мінулым тыдні зрабілі чатырохразовую алімпійскую чэмпіёнку з Беларусі галоўным ньюсмейкерам спартыўных таблоідаў. Справа у тым, што па выніках сезона Дар’я стала трэцяй у свеце біятланісткай, хто здолеў у сваёй кар’еры атрымаць 34 вікторыі на этапах Кубка свету. Столькі ж у Магдалены Нойнер з Германіі, 42 у шведкі Магдалены Форсберг. Аднак гэтыя спартсменкі ўжо завяршылі свае кар’еры, а вось Даша, спадзяемся, яшчэ не збіраецца развітвацца са спортам.

Такое выдатнае выступленне дазваляла спадзявацца прыхільнікам Домрачавай на перамогу Дашы у агульным заліку, аднак у гэтым пытанні не ўсё залежала ад беларускі. Фінка Макарайнен і прадстаўніца Славакіі Кузьміна павінны былі ў кожнай з трох гонак фінішаваць як мага ніжэй у выніковым пратаколе, аднак гэтага не адбылося. Дар’я скараціла адставанне ад другога месца да 15 балаў і 18 ад трэцяга – на большае не хапіла стартаў. Чакаем новага сезона і гаворым: “Дзякуй, Дар’я, за неверагодныя эмоцыі!”

Дзякуй кажам і валейбалісткам сталічнай “Мінчанкі”. Дзяўчаты Віктара Ганчарова сенсацыйна выйшлі у фінал Кубка ЕКВ.

Па суме двух матчаў беларускі прайшлі нямецкі “Штутгарт”. У залатой партыі “Мінчанка” была мацнейшай, 15-8. Выхад у фінал Кубка ЕКВ - самае значнае дасягненне беларускіх валейбольных клубаў за апошнія 30 гадоў. У фінале сталічны клуб сустрэнецца з турэцкім “Эджазаджыбашы”. Першая гульня адбудзецца 3 красавіка.

На гэтым тыдні сочым за фіналам Кубка Прэзідэнта па хакеі, заўтра падтрымліваем нацыянальную зборную Беларусі па футболе – у таварыскім паядынку згуляем супраць “Славеніі”, а сёння верым ў Вікторыю Азаранку. Яна працягвае выступленне на турніры у Маямі.

Усе гэта, зразумела, на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі.

Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.