Рубрыка "Матчбол"

25 июня 2018

Галоўная спартыўная навіна дня, ды і ўвогуле чэрвеня: чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка Дар'я Домрачава завяршыла сваю спартыўную кар'еру. Сёння на афіцыйнай прэс-канферэнцыі ў штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Дар'я выказала сваё рашэнне. Мы разам з усімі аматарамі біятлона ўдзячныя ёй за такую яркую спартыўную кар'еру. Аб іншых значных спартыўных падзеях - у рубрыцы "Матчбол".

Барысаўскі БАТЭ ў цэнтральным паядынку трынаццатага тура чэмпіянату краіны ў Вышэйшай лізе дома гуляе ўнічыю з салігорскім “Шахцёрам” 0:0, стратай ачкоў лідара першынства карыстаецца сталічнае “Дынама” - мінчане перамагаюць “Слуцк” у гасцях 1:0.

У турнірнай табліцы каманда Сяргея Гурэнкі адстае ад БАТЭ ўсяго на 4 балы. Дарэчы, напярэдадні менавіта ў паядынку жоўта-сініх з “гарнякамі” быў устаноўлены рэкорд наведвання “Барысаў-Арэны” - сем тысяч пяцьсот восемдзесят адзін глядач прысутнічаў на трыбунах стадыёна. Такая цікавасць лагічная: пасля змены на пасадзе галоўнага трэнера і “Шахцёра”, і БАТЭ ні адна з каманд яшчэ не прайграла ў чэмпіянаце.

Зараз у актыве “Шахцёра” 25 балаў, у “Дынама” - 28, у лідара БАТЭ - 32. Яшчэ адна каманда з цэнтральнага рэгіёна “Іслач” сёння згуляе супраць “Віцебска” на выездзе.

А ў мінулы чацвер адбылося ўрачыстае адкрыццё легендарнага стадыёна “Дынама”.

4 унікальныя асвятляльныя мачты, 780 пражэктараў, 141 каментатарская кабіна, 42 віп-ложы, 22 246 месцаў на трыбунах, поле для размінкі, паркоўка і плошча аб'екта 12 гектараў - усё гэта дазволіла абноўленай арэне атрымаць 4 зоркі ад УЕФА і першую (вышэйшую) катэгорыю згодна з патрабаваннямі Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Стадыён “Дынама” адкрыў сваю найноўшую гісторыю: ужо ў наступным годзе тут пройдуць асноўныя падзеі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Спарткомплекс пасля рэканструкцыі асабіста прыехаў адкрываць Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт, акрамя захаплення арэнай, выказаў надзею на новую пераможную эпоху дынамаўцаў. І ў першай гульні на арэне, у таварыскім матчы менавіта аб'яднаная каманда брэсцкага і мінскага “Дынама” перамагла зборную, складзеную з гульцоў Вышэйшай лігі, 4:3.

А ў пятніцу на абноўленым стадыёне прайшлі міжнародныя спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы: у барацьбе паміж зборнымі Украіны, краін Балтыі, дзяржаў Балканскага паўвострава і Беларусі перамаглі менавіта нашы атлеты. З чым мы іх і віншуем.

На гэтым тыдні працягваем атрымліваць асалоду ад чэмпіянату свету па футболе, паралельна падтрымліваем мужчынскую зборную Беларусі па баскетболе: у чацвер яна згуляе супраць Чарнагорыі, а ў нядзелю сустрэнецца з іспанцамі. У пятніцу ж стартуе чарговы, 14-ы тур чэмпіянату Беларусі па футболе ў Вышэйшай лізе. Усё гэта, зразумела, вас чакае на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт, і мы абавязкова яшчэ ўбачымся.