Каралева спорту, так лёгкую атлетыку называюць на ўсёй планеце, уладарыла на працягу некалькіх дзён у беларускім спорце. Доўгі час мы не бачылі нашых спартсменаў у антуражы Нацыянальнага стадыёна “Дынама”, а Адкрыты чэмпіянат краіны гэтую магчымасць нам падарыў. У "Матчболе" - усе падрабязнасці.
Расказвае Андрэй Казлоў.
Як вы зразумелі па лакацыі, дзе мы знаходзімся, сёння выпуск рубрыкі “Матчбол” будзе поўнасцю прысвечаны Адкрытаму чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы. Тым больш спаборніцтвы на мінскім стадыёне “Дынама” адразу з некалькіх бакоў адбыліся па высокіх сусветных стандартах. Якіх менавіта - глядзіце зараз.
Увогуле чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы прадоўжыўся амаль на тыдзень. Яшчэ ў мінулы аўторак атлеты прымалі ўдзел у спаборніцтвах па штурханні ядра. А потым на стадыёне Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы вырашалі хто мацнейшы ў бегу на 10 тысяч метраў. Дыстанцыя не марафонская, але таксама патрабуе шмат сілы - фініш гэта пацвердзіў.
Ну а потым уся ўвага беларускіх спартыўных балельшчыкаў была накіравана на Нацыянальныя стадыён “Дынама”, дзе на працягу трох дзён спартсмены змагаліся за медалі Адкрытага чэмпіянату Беларусі. Адкрыццё таксама вырашылі зрабіць яркім, на ім выступіў кумір сучаснай моладзі Ціма Беларускіх.
Зоркі беларускай лёгкай атлетыкі на самай справе паказалі вельмі высокія вынікі. Чэмпіёны Еўрапейскіх гульняў Максім Недасекаў, Эльвіра Герман перамаглі. А ў кіданні кап’я чэмпіёнка Еўропы Таццяна Халадовіч паказала такі вынік, якога хапіла б на золата Алімпійскіх гульняў у Бразіліі.
Такім чынам, чэмпіянат Беларусі стаў вельмі значным стартам для нашых атлетаў, дзе свята спорту атрымалася не толькі для іх, але і для балельшчыкаў.
Чэмпіянат Беларусі па лёгкай атлетыцы стаў галоўным стартам для нашых спартсменаў гэтым летам. Цяпер чакаем аднаўлення міжнароднага сезона. І адзначу, што ў жніўні, па-першае, працягнем сачыць за чэмпіянатам краіны па футболе. Па-другое, у Беларусі адбудзецца адразу некалькі вялікіх мерапрыемстваў для аматараў здаровага ладу жыцця. У “Матчболе” будзем пра ўсё гэта вам расказваць.
Рубрыка "Матчбол"
3 августа 2020













