Рубрыка "Матчбол"

20 мая 2019
Першая ракетка Беларусі - Арына Сабаленка - выдатна праводзіць матч першага круга ў Францыі. Сваёй саперніцы - кітаянцы Чжу Лінь - беларуска аддае толькі адзін гейм: 6:0, 6:1. Арына паказала, што вяртае ранейшую форму  перад  другім у сезоне турнірам Вялікага шлема. Пра спартыўныя падзеі ў Беларусі  больш падрабязна Андрэй Казлоў.

Лідарам чэмпіянату краіны па футболе пасля 8-га тура застаецца брэсцкае "Дынама". Да таго ж каманда з берагоў Заходняга Буга  пакуль адзіная у чэмпіянаце, якая яшчэ не саступала. Аднак матч супраць менш статуснага  сталічнага клуба - "Тарпеда" - атрымаўся не такім лёгкім.

У фінішным адрэзку гульні ўсё вырашыў гол Дзяніса Лапцева, які і стаў пераможным. 

За брэсцкай камандай  адразу тры клубы («Іслач», «Шахцёр» і БАТЭ) набралі аднолькавую колькацсь балаў - па 18. Цэнтральны матч тура прайшоў у Салігорску. «Шахцёр» прымаў мінскіх дынамаўцаў і разграміў саперніка – 3:0. Усе мячы забіты пасля перапынку: два галы ў Кавалёва і Бакай з пенальці. 

Вельмі добра матч 8-га тура згуляла «Іслач» без дыскваліфікаванага на тры матчы галоўнага трэнера Віталя Жукоўскага. Каманда, якая прадстаўляе Мінскі раён, нанесла паражэнне чацвёртаму клубу мінулага сезона і прэтэндэнту на Кубак краіны – «Віцебску». І таксама 3:0. 

«Гарадзея» з мінімальным лікам перамагае мазырскую «Славію», якая вярнулася у Вышэйшую лігу з Першай. На 76-й хвіліне пасля штрафнога ў выкананні Дзмітрыя Лебедзева забіў Раман Волкаў. Сустрэчу «Славія» завяршала ў меншасці. 

Надыходзіць час зборных Беларусі па валейболе. Мужчынская каманда перед Еўралігай правяла два таварыскія матчы супраць Латвіі - перамога і паражэнне. А нашы дзяўчаты рыхтуюцца правесці сустрэчы з Азербайджанам. 

Амбіцыйныя планы беларускіх валейбалістак. Жаночая нацыянальная зборная пачала збор у Стайках перад гульнямі Залатой Еўралігі, якія пачнуцца 26 мая на пляцоўцы «Чыжоўка-Арэны». Мэты нашай каманды на гэты турнір - перамога і якасная падрыхтоўка да чэмпіянату Еўропы, які пройдзе восенню. Аднак трэнерскі штаб на чале з Пятром Хілько разлічвае з часам выйсці ў самую статусную Лігу нацый і ў фінальную стадыю чэмпіянату свету. Менавіта ўдзел у гэтым турніры дазволіць зборнай Беларусі набіраць рэйтынгавыя балы для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях. 

Зборная Беларусі дакладна выступіць у Еўралізе без асноўнай лібера - Вольгі Паўлюкоўскай, якая аднаўляецца пасля траўмы. Аднак на гэтым тыдні склад каманды папоўняць капітан Таццяна Маркевіч і Вера Касцючык. Саперніцы беларусак на групавым этапе - каманды Азербайджана, Фінляндыі і Іспаніі. І вось якраз на гэтым тыдні адбудуцца першыя матчы мужчынскай і жаночай зборных Беларусі на “Чыжоўка-Арэне”. Яны пройдуць 26 мая. І ў гэты ж дзень у Віцебску адбудзецца фінал Кубка Беларусі па футболе, у якім мясцовы клуб згуляе з салігорскім “Шахцёрам”.