Рубрыка "Матчбол"

19 февраля 2018

Спартыўная рубрыка "Матчбол" працягвае алімпійскую тэму пераможных выступленняў нашых атлетаў на мінулым тыдні. Золата Ганны Гуськовай у фрыстайле і серабро Дар'і Домрачавай у біятлоне. Спартсменкі на п'едэстале, і іх эмоцыі - у нашым эфіры. А пачынаем са спаборніцтваў, якія прайшлі ў Мінску.

Мінск упершыню ў сваёй гісторыі прыняў буйны міжнародны турнір па сквошы. Удзельнікі з 20 краін, больш за 200 гульцоў. Спаборніцтвы прайшлі ў 15 катэгорыях. Адзначу, што зараз сквош прэтэндуе на тое, каб стаць паказальным відам на Еўрапейскіх гульнях, якія пройдуць у Мінску ў наступным годзе.

Наступная планка для сквоша - Алімпіяда ў Токіа.

Перамогу ж на спаборніцтвах святкавалі прыезджыя сквашысты. У мужчын - П'едра Швеертман з Нідэрландаў, сярод жанчын трыумфатарам стала латышка Інэта Мацкевіч.

А вось беларускі трыумф. 16-га лютага, першы медаль нашай каманды на Алімпіядзе. І адразу найвышэйшай пробы.

25-гадовая мінчанка Ганна Гуськова - лепшая ў спаборніцтвах па фрыстайле.

А за крок ад бронзы Пхёнчхана спынілася алімпійская чэмпіёнка Сочы Ала Цупер. Суддзі паставілі вышэйшую адзнаку атлетцы з Кітая, што выклікала шмат пытанняў...

На наступны дзень разгарэўся скандал. Незразумелыя судзейскія рашэнні пакінулі без фіналу пераможца Алімпіяды ў Сочы Антона Кушніра. У лік 12 лепшых фрыстайлістаў трапіў толькі Станіслаў Гладчанка - самы малады ўдзельнік ад Беларусі. Ён дабраўся да суперфіналу, але заняў там шостае месца.

А зараз зноў вернемся ў "Алімпік Плазу", дзе спартсмены атрымліваюць заслужаныя медалі.

Цяпер у скарбонцы Дарь'і Домрачавай ёсць медаль кожнай пробы. Бронза Ванкувера, золата Сочы і серабро Пхёнчхана. Другой зорка беларускага біятлону фінішавала ў гонцы з масавым стартам.

Таксама высокае - сёмае месца - у гэтай гонцы заняла наша Надзея Скардзіна.

Да закрыцця Алімпійскіх гульняў застаецца яшчэ тыдзень. Медальныя віды для беларусаў ужо скончыліся. Але заўсёды ёсць месца сюрпрызам. Так, у Пхёнчхане пройдуць яшчэ тры эстафеты – змяшаная, жаночая і мужчынская. Таксама беларусы выступяць у гарналыжным і канькабежным спорце. Вынікі будзем падводзіць у наступны панядзелак.