Рубрыка "Матчбол"

18 декабря 2017

Поспехі беларускіх біятланістак перад Алімпійскімі гульнямі ў Паўднёвай Карэі. На п’едэстал пасля Надзеі Скардзіны і Дар'і Домрачавай паднялася Ірына Крыўко. Што ўражвае – яна правяла выдатную гонку і ўпершыню ў тройцы прызёраў. У “Матчболе” сёння – самыя значныя спартыўныя падзеі за мінулы тыдзень.

Пасля вось гэтага фінішу Ірыны Крыўко Новы год беларускія аматары спорту сустрэнуць у выдатным настроі – ужо ў лютым у Пхёнчхане пройдуць зімовыя Алімпійскія гульні. А ў апошняй гонцы на этапах Кубка свету ў французскім Ансі - гэта мас-старт - беларуская біятланістка становіцца другой, саступіўшы толькі францужанцы Брэза.

Пасля фінішу ў Ірыны неверагодныя эмоцыі. Яна ўпершыню ў асабістай гонцы паднімаецца на п'едэстал. І што самае прыемнае – стала адзінай біятланісткай, якая адстраляла дакладна на кожным з агнявых рубяжоў.

Тым часам два матчы ў гульнявых відах спорту адбыліся ў сталіцы ў мінулыя выхадныя. Акрамя гандбольнага супрацьстаяння БГК – СКА, валейбольныя клубы змагаліся за валоданне Кубкам краіны. Матчы “Будаўніка” і “Шахцёра” заўсёды атрымліваюцца вельмі напружанымі.

Мінскі «Будаўнік» у сезоне заваяваў ужо другі трафей. І зноў перамог салігорскі «Шахцёр» 3:1. Мінулай вясной клуб з Мінскай вобласці абгуляў сталічных у фінале чэмпіянату, але зараз усё стала на тыя месцы, на якіх знаходзілася апошнія некалькі гадоў. «Будаўнік» - лепшы, але канкурэнты мараць узяць рэванш.

У гандбольным чэмпіянаце краіны ў матчы галоўных прэтэндэнтаў на чэмпіёнства гэтым разам перамагае БГК з Брэста. Мінскі СКА прайграў з лікам 30:26. Напружанае супрацьстаянне працягваецца.

Заўтра ў 19:20 абавязкова ўключайце тэлеканал “Беларусь 5”. Мінскае «Дынама» ў матчы Кантынентальнай хакейнай лігі згуляе супраць СКА з Санкт-Пецярбурга, галоўнага прэтэндэнта на Кубак Гагарына. Нягледзячы на безумоўны статус фаварытаў у “армейцаў” з Пецярбурга, «зубры» не аднойчы іх перамагалі.