Рубрыка "Матчбол"

18 ноября 2019
Вялікі поспех беларускага баскетбола. Нацыянальная жаночая зборная Беларусі перамагае адну з лепшых каманд Еўропы - Вялікабрытанію - у кваліфікацыі на чэмпіянат кантыненту. З перавагай у 31 бал. Віншуем нашых дзяўчат. І цяпер звернем увагу на іншыя віды спорту ў рубрыцы "Матчбол".

Лепшыя канькабежцы сучаснасці на працягу трох дзён выяўлялі, хто з іх усё ж такі самы лепшы. На "Мінск-Арэне" адбыўся першы ў сезоне этап Кубка свету, на які прыехалі, напрыклад, легендарная чэшка Марціна Саблікава і яшчэ больш тытулаваны - чатырохразовы алімпійскі чэмпіён,  галандзец Свэн Крамар. Спартыўная барацьба была вельмі цікавай. 

Першы ў новым сезоне этап Кубка свету па канькабежным спорце зноў праходзіць на авале “Мінск-Арэны”. І зноў збірае зорак гэтага віду спорту. Асабліва адзначым нацыянальную каманду Галандыі, у складзе якой адразу некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў,  чарговы раз пабывалі ў Мінску. Таксама зборная гэтай краіны шмат разоў праводзіла ў нас падрыхтоўчыя зборы перад стартам сезона. 

Зборная Беларусі таксама выступала на хатнім этапе Кубка свету. Зараз  пачынаецца толькі другі перадалімпійскі сезон. Аднак на Алімпіядзе 2022 у Пекіне мы разлічваем на добрае выступленне Марыны Зуевай, Ігната Галавацюка і Віталя Міхайлава.

Тым часам на хакейнай пляцоўцы "Мінск-Арэны" на працягу тыдня мінскае "Дынама" праводзіла хатнюю серыю ў Кантынентальнай хакейнай лізе. І пачала яе выдатна - спачатку па булітах перамагло "Тарпеда", а потым у асноўны час - "Віцязь".

Усе тры хатнія матчы атрымаліся даволі цікавымі для гледачоў. І што вельмі важна - беларускія хакеісты ў кожным паказалі характар, які дапамог перамагчы ў двух з трох паядынкаў. Спачатку з лікам 6:5, але не хапіла асноўнага часу - ужо ў серыі булітаў менавіта “зубры” былі лепшымі. Вельмі напружаным атрымаўся матч супраць “Віцязя”, але і там перамога, 4:3. Супраць "Авангарда" "Дынама" таксама гуляе на перамогу. Але вопытны омскі клуб быў усё ж такі больш моцным, 2:1. У серыі булітаў. 

Ну, і напрыканцы "Матчбола" - навіны валейбола, тым больш на пляцоўку Палаца спорту "Уручча" вярнулася "Мінчанка", і ў матчы Суперлігі прымала краснаярскі "Енісей". Напачтку сезона беларускі перамагалі. Як атрымалася на гэты раз,  глядзіце далей.

Не толькі плэй-оф Суперлігі, але і топ-4 Кубка ЕКВ, дзе "Мінчанка" стартуе ў пачатку снежня з 1/16-й фіналу. Такія задачы перад вядучай жаночай камандай Беларусі ставіць галоўны трэнер Віктар Ганчароў. У кубку ЕКВ пакуль лепшы вынік "Мінчанкі" - выхад у фінал у 2018 годзе. А сёння накаўт-раўнд адкрытага чэмпіянату Расіі стаў бліжэй для беларусак. Пасля перамогі 3:2 над "Енісеем" мінчанкі падняліся на 8-е месца. 

У снежні "Мінчанка" правядзе два хатнія паядынкі ў Суперлізе. Прычым супраць фаварытаў сезона - маскоўскага "Дынама" і "Уралачкі" з Екацярынбурга. Прыходзьце - дзяўчаты чакаюць вашай падтрымкі.