Рубрыка "Матчбол"

17 июня 2019
На чэмпіянаце Еўропы па гандболе згуляе мужчынская зборная Беларусі. Пасля таго, як нашы хлопцы прапусцілі апошні топ-турнір, гэты выхад у фінальную стадыю дае  пазітыўныя эмоцыі. І ў наступным годзе мы ўбачым нашых гандбалістаў сярод лепшых каманд кантынента. Іншыя навіны спорту глядзіце ў рубрыцы "Матчбол". 

Безумоўна, на гэтым тыдні мы чакаем пачатак ІІ Еўрапейскіх гульняў, якія, як вядома, будзе прымаць наша краіна. Цырымонія адкрыцця адбудзецца ўжо 21 чэрвеня тут, на стадыёне "Дынама". Усе спартыўныя аб'екты цалкам падрыхтаваны да форуму. Чакаць нам засталося нядоўга.

У гэтыя дні на стадыёне "Дынама" праходзяць апошнія рэпетыцыі цырымоніі адкрыцця. На галоўнай арэне ІІ Еўрапейскіх гульняў ужо падрыхтавана да работы тэлестудыя Агенцтва тэленавін. Яшчэ адна будзе знаходзіцца на "Мінск-Арэне". Таксама каля "Мінск-Арэны" працуе акрэдытацыйны цэнтр - акрамя выдачы бэйджыкаў журналістам, акрэдытацыі атрымліваюць медыкі, валанцёры, суддзі і стюарды.

Да беларускай сталіцы наблізілася эстафета «Полымя міру». І заўтра мы ўбачым факел ІІ Еўрапейскіх гульняў па адрасе Макаёнка, 9, у Белтэлерадыёкампаніі. 

У футбольным першынстве, тым часам, адбыўся вельмі прынцыповы і цікавы матч. Прэтэндэнты на тытул чэмпіёнаў краіны ў гэтым годзе - барысаўскі БАТЭ і салігорскі “Шахцёр”   сустрэліся на “Барысаў-Арэне”. Што з гэтага выйшла - глядзіце далей. 

Паядынак з удзелам дзеючага ўладальніка Кубка - салігорскага "Шахцёра" і дзеючага чэмпіёна краіны - барысаўскага БАТЭ - атрымаўся вельмі цікавым для балельшчыкаў. У сярэдзіне першага тайма Павел Рыбак з Салігорска атрымаў чырвоную картку і пакінуў поле. Пасля барысаўчане забілі тройчы, а "Шахцёр" у адказ толькі адзін гол. 3:1 - перамога БАТЭ. 

Пасля гульні ў Барысаве, у сталіцы мінскае “Дынама" пачало сустрэчу таксама з мінскай камандай "Энергетык-БДУ". Гэта быў першы паядынак пад кіраўніцтвам Сяргея Гурэнкі, у якой "Дынама" ўпэўнена перамагло, 6:1. 

Абедзве зборныя Беларусі па валейболе - і мужчынская, і жаночая - выйшлі ў Фінал чатырох Залатой Еўралігі. Апошні выезд на групавой стадыі мужчыны праводзілі ў гасцях супраць зборнай Украіны, таксама прэтэндэнта на выхад у фінальны квартэт. Для выніковага поспеху нам неабходна было ўзяць два сэты, і нашы хлопцы з гэтым справіліся. Выйграўшы першую партыю, беларусы саступілі ў дзвюх наступных. Чацвёрты сэт стаў для нас пераможным.

Для жаночай зборнай таксама ўсё склалася выдатна. У вырашальным паядынку дзяўчаты Пятра Хілько дабіліся перамогі над Іспаніяй з лікам 3:2. Беларускам таксама неабходна было перамагчы ў дзвюх партыях, і сваю задачу яны вырашылі адразу. 

Турысты, журналісты і спартсмены - на працягу тыдня мы спачатку будзем сустракаць гасцей беларускай сталіцы, ну а потым вельмі ўважліва сачыць за падзеямі ІІ Еўрапейскіх гульняў. Уся самая аператыўная інфармацыя - у праектах Агенцтва тэленавін. Чакаць яскравага форуму застаецца чатыры дні.