Рубрыка "Матчбол"

15 октября 2018

Некалькі гадзін застаецца да пачатку матча Беларусь – Малдова, які адбудзецца на сталічным стадыёне «Дынама». Гэтай восенню наша каманда вярнулася на легендарную арэну і пакуль там толькі перамагае. Пасля Сан-Марына з паражэннем пакінуў Беларусь і Люксембург. У рубрыцы «Матчбол» пра навіны зборнай краіны і таксама пра іншыя гульнявыя віды спорту.

Перамагаем нязручны для нас Люксембург, але незадаволеныя якасцю сваёй гульні. Менавіта такая гутарка хадзіла пасля апошняга матча зборнай Беларусі па футболе. Але галоўнае - перамога ў актыве і лідарства ў групе Лігі нацый.

Год таму зборная Беларусі гуляла ў гэтай краіне і балюча саступіла. Люксембург перамог дзякуючы адзінаму ўдару.

Праз год - зноў сустрэча з Люксембургам. Ужо на хатнім стадыёне «Дынама». Для галоўнага трэнера зборнай Беларусі было вельмі важна ў гэтай сустрэчы дасягнуць станоўчага выніку. І не толькі для лідарства ў групе Лігі нацый, але і для псіхалогіі пераможцаў. Усе трыбуны чакалі гола, і ён быў забіты на 43-й хвіліне.

Антон Сарока забіў ужо 6 галоў у 11 матчах. Гэтым разам удар па варотах саперніка стаў пераможным і адзіным.

Гульня атрымалася вельмі напружанай: дзве каманды імкнуліся стаць лідарам групы. Гэта бачна і вось на такіх гарачых кадрах. Канец сустрэчы для нашай зборнай атрымаўся напружаным і ў гульнявых кампанентах.

Такім чынам, наша каманда дамаглася вельмі значнай перамогі. І ўжо сёння мы будзем гуляць з камандай Малдовы. Гульня вельмі адказная, таму абавязкова прыходзьце. Зараз жа пра іншыя гульнявыя віды спорту – гандбол і валейбол.

Перамога, якая не прыносіць радасці. Гандбольны клуб «СКА-Мінск» у адказнай сустрэчы другога кваліфікацыйнага раўнда Кубка ЕГФ у Мінску абгуляў сярэбранага прызёра чэмпіянату Партугаліі 25:24. Далей “армейцы” не прайшлі, бо ў першай гульні “Порту” выйграў з розніцай на пяць мячоў 34:29. У сераду СКА згуляе на выездзе с БГК. Акрамя чэмпіянату Беларусі, “армейцы” выступаюць у Балтыйскай лізе.

На мінулым тыдні ў валейбольнай Лізе чэмпіёнаў свой шлях пачаў салігорскі “Шахцёр”. У матчы першага раўнда кваліфікацыі клуб з Салігорска прымаў нямецкі “Франкфурт”. Але вынік аказаўся не такім, якога жадалі амаль поўныя трыбуны Палаца спорту. 0:3. У сераду – сустрэча ў адказ у Германіі.

А вось заўтра на “Мінск-Арэне” мінскае «Дынама» будзе праводзіць апошні матч хатняй серыі ў Кантынентальнай хакейнай лізе. Сапернік – таксама «Дынама», але маскоўскае. «Зубры» маюць магчымасць перад выязнымі гульнямі напоўніцца пазітывам, калі атрымаецца станоўчы вынік. Пачатак у 19:30. Прамая трансляцыя на “Беларусь 5”.