Рубрыка "Матчбол"

10 февраля 2020
Ягор Герасімаў  саступае ў фінале тэніснага турніру ў індыйскай Пуне прадстаўніку Чэхіі Іржы Веселы ў трох сэтах. Прызавы фонд спаборніцтваў складаў больш за паўмільёна долараў. Аднак такое выступленне дазваляе мінчаніну ў адноўленым рэйтынгу падняцца на рэкорднае для сябе 71-ае месца. Парадавалі на мінулым тыдні і беларускія тэнісісткі.

Выдатна выступілі беларускі ў кваліфікацыі Кубка Федэрацыі. У Нідэрландах нашы дзяўчаты ў драматычным супрацьстаянні перамаглі мясцовую зборную 3:2. Арына Сабаленка і Аляксандра Сасновіч  - аўтары неверагоднага трыумфу. Саша зрабіла лік роўным па сустрэчах у субботу - 2:2 і (толькі ўявіце сабе!) менавіта яна ж адразу пасля адзіночнай гульні выйшла на корт з Арынай на парны паядынак. У першым сэце беларускі дуэт саступіў 3:6, а вось у астатніх двух менавіта мы былі мацнейшыя -  6:4, 7:6.

 Такім чынам Беларусь выйшла ў фінал спаборніцтваў,  які пройдзе ў Венгрыі. У фінале спаборніцтваў   дванаццаць зборных з 14  па  19 красавіка разгуляюць тытул наймацнейшай каманды планеты. 

Хакеісты зборнай Беларусі на мінулым тыдні выступілі ў Славакіі на таварыскім турніры. На жаль, вынік спаборніцтваў - трэцяе месца. Паслядоўныя пройгрышы  гаспадарам (3:4) і алімпійскай зборнай Расіі (0:1) у пасіве. Хвалявацца пакуль не варта: усё ж галоўны старт сезона - чэмпіянат свету ў Швейцарыі і алімпійская кваліфікацыя ў жніўні.

Дарэчы, зборная Беларусі па хакеі за пуцёўку на Алімпіяду ў Пекін паспрачаецца з камандамі Аўстрыі, Славакіі і Польшчы. Алімпійская кваліфікацыя ў нашай групе D  пройдзе  з 27 па 30 жніўня 2020 года ў Славакіі.

Валейбалісткі "Мінчанкі" атрымліваюць пятую перамогу запар па выніках выступлення ва ўсіх турнірах! Напярэдадні беларускі ў расійскай жаночай Суперлізе 3:2 перамаглі "Пратон" з Саратава. Вікторыя дазволіла камандзе Віктара Ганчарова падняцца на восьмы радок турнірнай табліцы, які дазваляе згуляць у плэй-оф. У Кубку ЕКВ "Мінчанка" зноў перамагла баснійскі клуб "Брцко". Наперадзе куды больш складаны сапернік - французскі клуб "Ле-Канэ". Першая гульня супрацьстаяння пройдзе ў Мінску 20  лютага.

На гэтым тыдні сочым за хакеем: вашай увазе матчы "Дынама" ў КХЛ, а таксама Экстраліга. У чацвер пройдзе першая гонка чэмпіянату свету па біятлоне - змяшаная эстафета, паралельна цікавімся падзеямі чэмпіянату Еўропы па барацьбе. Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!