Рубрыка "Матчбол"

8 июня 2020
БАТЭ, "Шахцёр", "Тарпеда-БелАЗ" і "Энергетык-БДУ" – вось так выглядае квартэт лідараў чэмпіянату Беларусі па футболе. Адзначым, усе названыя клубы прадстаўляюць мінскі рэгіён. І ўжо на гэтым тыдні ў Барысаве адбудзецца паядынак за першы радок – БАТЭ будзе прымаць салігорскіх футбалістаў. Але гэта ў будучыні. Сёння ў рубрыцы "Матчбол" падводзім вынікі 12 тура.

Футбольны чэмпіянат Беларусі атрымліваецца сёлета настолькі цікавым, што мы нават не заўважылі, як прайшла ўжо больш чым трэцяя частка турнірнай дыстанцыі. На першым месцы барысаўскі БАТЭ, і адразу некалькі клубаў не даюць барысаўчанам дыхаць спакойна. Вельмі ярка ў першай палове сезона праяўляюць сябе легіянеры розных клубаў.

Цэнтральны матч якраз і закрываў праграму тура – у нядзелю на стадыёне "Будаўнік" у Салігорску сустрэліся мясцовы "Шахцёр" і каманда - адкрыццё чэмпіянату – "Энергетык-БДУ". Каманды ў сезоне паказваюць атакуючы футбол, што і прадэмастравалі ў матчы паміж сабой. Але забілі на дваіх толькі адзін гол – яго аўтар - галоўны галеадор «гарнякоў» - Віталій Лісаковіч. 1:0. 

Безумоўна, вельмі насычаным на падзеі адбыўся паядынак у Віцебску, куды ў госці прыехаў уладальнік Кубка краіны 2020 – барысаўскі БАТЭ. Пасля памылак галкіпер паўночнага клуба Дзмітрыя Гушчанкі – жоўта-блакітныя забілі двойчы. Але "Віцебск" паказаў характар у канцы матча, і вырваў нічыю, 2:2. 

4 кілаграмы шакаладнага задавальнення... у выглядзе кубка атрымаў пераможца выставачнага тэніснага турніру. Фіналісту дастаўся торт у два разы лягчэйшы. Хоць лёгкім фінальны паядынак не назавеш. У барацьбе за перамогу першая ракетка Беларусі Ягор Герасімаў у двух сэтах 6:3, 6:2 перайграў маладога Аляксандра Згіроўскага. А ён у сваю чаргу днём раней выбіў з барацьбы Аляксандру Сасновіч. У гэтым і ёсць унікальнасць турніру - сетка можа звесці на адным корце і хлопцаў, і дзяўчат.

Аляксандр Згіроўскі ўжо пацвердзіў свой удзел у чэмпіянаце краіны, які пройдзе 20-27 чэрвеня. Магчыма, за тытул пазмагаецца і Герасімаў. Аднаўленне турніраў АТР пакуль пад пытаннем. Канкрэтыка можа з'явіцца ўжо ў сераду.

Вяртаючыся да сённяшняга турніру, паводле інфармацыі нашай праграмы, - шакаладны кубак быў урачыста падзелены паміж удзельнікамі і гасцямі спаборніцтваў.

Хакеісткі  "Мінска" вырваліся ў лідары жаночага чэмпіянату Беларусі па хакеі на траве. Сёння ў матчы пятага тура дзяўчаты зноў абыгралі "Вікторыю" са Смалявіч (якая ідзе трэцяй)  4:0. На другой пазіцыі апынуўся гродзенскі "Рытм". Другую перамогу сёння здабыў і "Тэкстыльшчык" з Баранавіч. З лікам 6:2 перайграў  СДЮШАР ХК "Мінск".

Адборачны раўнд мужчынскага чэмпіянату Еўропы па валейболе, які павінен быў адбыцца ўжо ў канцы жніўня, пераносіцца на студзень. Пра гэта паведамляе сайт Еўрапейскай канфедэрацыі валейбола па выніках шэрагу анлайн-нарад. У падгрупу G акрамя Беларусі ўваходзяць Нарвегія, Партугалія і Венгрыя. Адборачны раўнд ЕЎРА адбудзецца ў студзені ў фармаце двух турніраў, а не па сістэме выязных / хатніх матчаў. Дзве краіны-гаспадыні вызначацца на наступным тыдні. Тэрміны правядзення адборачнага раўнда жаночага чэмпіянату Еўропы застаюцца тымі ж: канец жніўня. 

І вось пасля такога насычанага на розныя спартыўныя падзеі выпуску "Матчбола" зноў вяртаемся да футбола. "Беларусь 5" працягне паказваць чэмпіянат краіны. Наперадзе – 13 тур, які стартуе ў пятніцу паядынкам “Мінск” – “Іслач”. Нягледзячы на лічбу тура, ён зноў пройдзе ў пазітыўным для аматараў футбола ракурсе.