Бліскучым атрымалася выступленне Аляксандры Сасновіч на тэнісным турніры ў аўстралійскім Брысбене. Мінчанка ўпершыню ў сваёй кар'еры выйшла ў фінал такіх прэстыжных спаборніцтваў, аднак здабыць тытул пераможцы не дазволіла Эліна Світоліна. У сусветным рэйтынгу Аляксандра сёння паднялася на рэкорднае 53-е месца. Самыя цікавыя спартыўныя падзеі тыдня ў рубрыцы «Матчбол».
Адзінаццаты раз ў гісторыі каманда Прэзідэнта выйграла Калядны турнір па хакеі сярод аматараў. Сёлета фінал атрымаўся класічным: гаспадарам спаборніцтваў супрацьстаяла дружына з Расіі.
Вызначальным аказаўся першы перыяд, дзе беларусы закінулі 4 шайбы, пасля такога старту вярнуцца ў гульню нашы ўсходнія суседзі так і не здолелі. Як вынік – перамога каманды Прэзідэнта 6:1. Дарэчы, аўтарам апошняй шайбы турніру стаў Аляксандр Лукашэнка.
У матчы за бронзавыя медали Чэхія была мацнейшай за каманду Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў 11:2.
Паралельна ў фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў «Залатая шайба» ў старэйшай узроставай групе сустрэліся прынцыповыя сапернікі – два калектывы з Мінска. Дзеючым пераможцам старту – “Грыфонам” - супрацьстаялі “Мядзведзі”. Абараніць тытул першыя не здолелі. 4:3 перамога ў драматычным паядынку за прадстаўнікамі Маскоўскага раёна сталіцы.
Вікторыя Азаранка, на жаль, не выступіць у першым у сезоне турніры з серыі Вялікага шлема Australian Open з-за сямейных абставін. Сёння экс першая ракетка свету афіцыйна пацвердзіла гэтую інфармацыю.
Тым часам паралельна лідары зборнай працягваюць падрыхтоўку да турніру ў Мельбурне. Арына Сабаленка сёння на спаборніцтвах у Хобарце з прызавым фондам 226 тысяч долараў у першым крузе ўпэўнена перамагае Эжэні Бушар з Канады 6:4, 6:3. Аляксандра Сасновіч увогуле сёння стала першай ракеткай Беларусі, дзякуючы бліскучаму выступленню ў Брысбене, дзе мінчанка выйшла ў першы ў сваёй кар'еры фінал. У сусветным рэйтынгу Аляксандра на 53-м радку.
Дар'я Домрачава, якая прапускала трэці этап Кубка свету па біятлоне, выступіла ў нямецкім Аберхофе. У спрынце трохразовая алімпійская чэмпіёнка стала сёмай, у праследаванні шостай. А вось жаночая эстафета ў нашых дзяўчат не атрымалася – з-за чатырох штрафных кругоў у нас толькі 15-е месца. Пяты этап спаборніцтваў пройдзе таксама ў Германіі ў Рупальдынгу і пачнецца ў сераду.
Заўтра падтрымліваем сталічнае хакейнае “Дынама” – на “Мінск-Арэне” “зубры” сустрэнуцца з “Лакаматывам”, у сераду валейбольная “Мінчанка” ў Кубку Выкліку згуляе супраць “Адзінства” з Сербіі. Паралельна сочым за біятлонам і чэмпіянатам Еўропы па гандболе, дзе выступіць мужчынская зборная Беларусі. А ў пятніцу стартуе фінал Кантынентальнага кубка па хакеі. Сталічнае “Юнацтва” будзе змагацца за чарговы тытул лепшых.













