Рубрыка "Матчбол"

13 февраля 2017

Жаночая тэнісная зборная Беларусі ўпершыню ў гісторыі ў паўфінале Сусветнай групы Кубка Федэрацыі. У канцы красавіка на прэстыжных спаборніцтвах ў Мінску сустрэнуцца каманды Беларусі і Швейцарыі. І яшчэ прыемная навіна з Аўстрыі - Дар'я Домрачава зноў на п'едэстале чэмпіянату свету па біятлоне. Храналогія перамог у рубрыцы "Матчбол".

Пачнём з біятлона. Неверагодны, здавалася б яшчэ тыдзень таму, вынік дасягнуты. Дар'я Домрачава, якая стала мамай 1 кастрычніка, напярэдадні бліскуча выступіла ў гонцы праследавання і вярнулася на алімп гэтага віду спорту.

Чэмпіянат свету, які праходзіць ў Аўстрыі, для беларускі стартаваў спрынтам, дзе Дар'я з трыма штрафнымі кругамі на фінішы апынулася толькі на 27-м месцы. Пасьют Домрачава пачынала з адставаннем ад лідара ў 85 секунд, аднак на гэты факт, відаць, Дар'я ўвагі не звяртала. Дваццаць дакладных стрэлаў з дваццаці магчымых і самы вялікі скачок у гісторыі планетарных форумаў у праследаванні мае месца быць: трохразовая алімпійская чэмпіёнка – сярэбраны прызёр чэмпіянату свету.

Гэты п'едэстал для беларускі – толькі пачатак перамог пасля вяртання ў біятлон. Другое месца напярэдадні аўтаматычна дае пропуск Дар'і на ўдзел у масстарце, выступіць Домрачава ў індывідуальнай гонцы і эстафеце. З сярэбраным медалём спаборніцтваў Дар'ю павіншаваў і Прэзідэнт Беларусі. Чэмпіянат свету завершыцца ў нядзелю.

Неверагодна выступіла ў мінулыя выхадныя і жаночая зборная краіны па тэнісе: нашы дзяўчаты выйшлі ў паўфінал Кубка Федэрацыі.

Гэты турнір самы прэстыжны ў камандных спаборніцтвах жанчын: фаварытам у супрацьстаянні Беларусь – Нідэрланды значыліся госці сталіцы, аднак пры хатняй падтрымцы на “Чыжоўка-Арэне” ў суботу Аляксандра Сасновіч перамагла спачатку Міхаэлу Крайчэк, а ў нядзелю і лідара зборнай Галандыі Кікі Бёртэнс. Трэцюю вырашальную вікторыю здабыла Арына Сабаленка.

Вольга Гаварцова ў пары з Верай Лапко паставілі кропку ў супрацьстаянні, перагуляўшы дуэт Сіндзі Бургер - Аранча Рус. У паўфінале Сусветнай группы Кубка Федэрацыі беларускі таксама ў Мінску згуляюць супраць Швейцарыі. Гульні запланаваныя на 22 красавіка.

На гэтым тыдні працягваем сачыць за чэмпіянатам свету па біятлоне, заўтра стартуе футбольная Ліга чэмпіёнаў, а паралельна падтрымліваем сталічнае хакейнае “Дынама” – “зубры” перад стартам у плэй-оф згуляюць яшчэ тры паядынкі рэгулярнага сезона. Усё гэта на тэлеканалах Белтэлерадыёкампаніі. Любіце спорт!