Рубрыка «Матчбол»

2 ноября 2015

Барысаўскі БАТЭ заўтра адпраўляецца ў Барселону, дзе згуляе чацвёрты раз за апошнія чатыры гады. Дастаткова спартыўных падзей і ў сталіцы. Хатнія серыі ў сваіх турнірах праводзяць і баскетбольныя “Цмокі”, і хакейнае “Дынама”. У “Матчболе” больш падрабязна.

Выйсці на газон легендарнай арэны “Камп Ноу” – мара любога футбаліста. Некаторыя гульцы БАТЭ некалькі гадоў таму гэту мару здзейснілі, але ўжо на гэтым тыдні чэмпіёны Беларусі зноў згуляюць у гасцях супраць “Барселоны”.

Пра вынік матча гадаць няма сэнсу, калі апанент такога ўзроўню. Не толькі гранд сусветнага футбола – дзеючы ўладальнік Кубка Лігі чэмпіёнаў. Два тыдні таму БАТЭ прымаў “Барселону” на “Барысаў-Арэне”. Каталонцы гулялі з запасам сіл і забілі ў вароты Сяргея Чэрніка два галы. У адсутнасці Ліянеля Месі галоўным распасоўшыкам выступіў Неймар, а галеадорам – Іван Ракіціч, які аформіў галявы дубль. 2:0.

У сераду ўсе аматары беларускага футбола будуць чакаць прамой трансляцыі з Барселоны. Пачатак матча, увага, у 22:45. Сустрэчу пакажа тэлеканал “Беларусь 2”.

Перамагаем у гасцях, але саступаем дома. Баскетбольны клуб “Цмокі-Мінск” працягвае свой цікавы сезон у розыгрышы Адзінай Лігі ВТБ. Каманда, безумоўна, набрала ход, але ніяк нашым гульцам не дапамагаюць родныя сцены. На “Мінск-Арэне” мы саступаем.

Тры матчы на выезде і ў трох перамога. Два матчы дома і абодва паражэнні. Гульцы і трэнеры шукаюць выхад з такой сітуацыі. Ігар Грышчук, галоўны творца выдатнага выступлення “Цмокаў”, адзначае, што яго падапечныя проста не могуць сабрацца, калі чуюць такую падтрымку.

Чацвёртае паражэнне ў апошніх пяці матчах і другое на лёдзе “Мінск-Арэны”. Каманда Андрэя Кавалёва, які заняў месца Любаміра Покавіча, пакуль выступае нестабільна.

У госці да “зуброў” прыехаў уфімскі “Салават Юлаеў” і паказаў сваю моц, якой у каманды дастаткова. 5:1.

Цяжкі выезд, які доўжыўся больш за паўмесяца, накладвае свой адбітак. Не дабаўляе свежасці камандзе і гульня праз дзень.

Падтрымаем сёння “Дынама” на “Мінск-Арэне”, якое прымае аднаклубнікаў з Рыгі. Дома “зубры” правядуць пяць матчаў, таму пастараюцца выправіць сваё турнірнае становішча. Наша каманда далёка ад зоны плэй-оф. У Заходняй канферэнцыі мы пакуль 12-я.