На наступным тыдні пачынаецца Адкрыты чэмпіянат Аўстраліі па тэнісе. І беларуска Вікторыя Азаранка падыходзіць да яго ў выдатнай форме. Яна ўпершыню за два з паловай гады выйграла турнір серыі Сусветнай тэніснай асацыяцыі.
Ну а Мінск у добрым настроі пакідаюць удзельнікі чэмпіянату Еўропы па канькабежным спорце. Падрабязнасці ў рубрыцы "Матчбол".
Першы ў Беларусі і апошні ў гісторыі па схеме розыгрышу. У Мінску завяршыўся чэмпіянат Еўропы па канькабежным спорце, на які з’ехаліся знакамітыя спартсмены. Між тым, мы падводзім вынікі: што даў нам гэты турнір і як выступілі на ім беларускія канькабежцы.
У Мінску апошні раз у гісторыі турнір прайшоў па схеме класічнага мнагаборства. Жаночыя спаборніцтвы выйграла чэшка Марціна Саблікава, а мужчынскія – галандзец Свен Крамер. Віталь Міхайлаў стаў дванаццатым. Таццяна Міхайлава пятнаццатая, Марына Зуева – дванаццатая.
Мэта Беларускага канькабежнага саюза – правесці ў Беларусі этап Кубка свету ці ўвогуле чэмпіянат свету.
З сённяшняга дня Вікторыя Азаранка падымаецца на 16-е месца ў сусветным рэйтынгу! У суботу беларуска гуляла ў фінале турніру WTA ў аўстралійскім Брысбене. І перамагла.
Супрацьстаяла нашай тэнісістцы немка Ангеліка Кербер, моцная апанентка. Але на працягу ўсяго турніру Вікторыя паказвала выдатную гульню, таму перамога ў Брысбене справядлівая.
Акрамя чэмпіянату Еўропы па канькабежным спорце, на “Мінск-Арэне” на мінулым тыдні “Дынама” гуляла ў працяглай дамашняй серыі. Асабліва эмацыянальным атрымаўся матч супраць яраслаўскага “Лакаматыва”, лідара сезона. Але адзначым у першую чаргу дэбютную шайбу абаронцы "зуброў" Яўгена Лісаўца. Яўген Лісавец закінуў шайбу ў вароты «Лады», але «зубры» саступілі.
Тры паражэнні з чатырох матчаў у дамашняй серыі. І пятае з шасці апошніх увогуле. Звяртае на сябе ўвагу і тое, што і тальяцінскай «Ладзе», і хакейнаму клубу «Сочы» мінчане прайгралі ў серыі булітаў. Тым не менш, самым эмацыянальным выдаўся матч з яраслаўскім «Лакаматывам». Мы перамаглі, 1:0.
"Дынама" адпраўляецца на працяглы выезд, які абяцае быць не толькі цяжкім, але і вырашальным у барацьбе за выхад у плэй-оф. Падтрымлівайце нашых хакеістаў і сачыце за трансляцыямі на тэлеканале “Беларусь 5”.














