Расійскія зоркі аматарскага хакея прыляцелі ў Мінск

20 мая 2014

І ледзь не з трапа самалёта адправіліся на лёд. У Нацыянальным аэрапорце Мінск хакейных легенд сустракаў і наш карэспандэнт Юрый Шаўчук.


У Нацыянальным аэрапорце Мінск рэйс з Масквы прызямліўся ў 13 гадзін 20 хвілін па мясцовым часе. Як і планавалася, на беларускую зямлю спусцілася сапраўднае сузор'е з зорак савецкага хакея.


Першым з тэрмінала выйшаў капітан каманды Легенды хакея СССР Аляксандр Якушаў. За сваю кар'еру двухразовы алімпійскі чэмпіён і шматразовы чэмпіён свету закінуў амаль паўтары сотні шайбаў за зборную Савецкага Саюза.



Аляксандр Якушаў, нападаючы хакейнай каманды Легенды хакея СССР: Гледачы ўбачаць шмат гульцоў, якія гулялі за зборную Савецкага Саюза, гулялі за зборную Беларусі людзі, таму для іх гэта будзе вялікае задавальненне.



Хакейны форум, які пройдзе ў Мінску паралельна з планетарным першынством, быў арганізаваны па ініцыятыве расійскага боку. Акрамя легенд савецкага хакея, на лёд выйдуць гульцы каманды Прэзідэнта Беларусі, пераможца начной хакейнай лігі - клуб Сталіца і дружына Газпрамэкспарт. Апошняя, дарэчы, беларускім балельшчыкам запомнілася выдатнай гульнёй на Калядным турніры.



Андрэй Нікалішын, нападаючы хакейнай каманды Легенды хакея СССР: Яшчэ ў студзені мы ўжо адзначалі гатоўнасць Беларусі, Мінска да правядзення чэмпіянату. Якія тут каткі пабудаваныя, люба-дорага паглядзець.



Такіх знакамітасцяў, як Нікалішын можна пералічыць па пальцах, аднак адной рукі відавочна не хопіць: Траццяк, Фяцісаў, Яшын, Мышкін, Макараў, Каменскі, Нікалішын, Старшынаў, Ларыёнаў. На аматарскі турнір, прысвечаны 78-му чэмпіянату свету па хакеі, дрым-цім прыляцела ў сваім залатым складзе. Але якой бы гучнай ні была афіша хакейнага форуму, яго ўдзельнікі ўсё ж пераследуюць крыху іншыя мэты, чым толькі перамога.



Уладзімір Мышкін, варатар хакейнай каманды Легенды хакея СССР: Удзелу, добрай гульні, сустрэчы са старымі сябрамі, асалоды ад хакея, як звычайна, і наогул свята.



На ўсе матчы турніру, прысвечанага 78-му планетарнаму хакейнаму першынству, уваход свабодны. Першыя паўфіналы ўжо згуляныя. Пераможцы гэтых паядынкаў скрыжуюць клюшкі заўтра ў фінале турніру на Чыжоўка-Арэне.